«Жыве Беларусь!» - У конкурсе на міжнародным кінафестывалі ў Празе
- 27.02.2013, 19:34
27 лютага падчас прэс-канферэнцыі арганізатараў XX міжнароднага фестывалю «Febio Fest» была прэзентаваная праграма конкурсу.
Сярод 14 стужак, якія будуць змагацца за галоўны прыз, - фільм «Жыве Беларусь!», паведамляе «Радыё Свабода».
Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца першыя і другія фільмы еўрапейскіх рэжысёраў, знятыя ў 2012-2013 гадах, якія дагэтуль не паказваліся ў Чэхіі.
У склад журы ўвойдуць вядомыя ў свеце рэжысёры і акторы, а таксама аматары кіно. Да 27 лютага на сайце фестывалю кожны ахвотны можа запоўніць заяўку.
Асноўная частка фестывалю пройдзе ў Празе з 14 да 22 сакавіка. Пераможцы будуць абвешчаныя 22 сакавіка.
Кінастужка «Жыве Беларусь!» польскага рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча заснаваная на рэальных падзеях. Яна апавядае пра барацьбу беларускай моладзі супраць дыктатуры. Гэта першы фільм па-беларуску, прадстаўлены на фестывалі такога ўзроўню. У фільме зняліся рэпер Вінцэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Аляксандр Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандр Памідораў, польская акторка Караліна Грушка.
Febiofest з'яўляецца найбуйнейшым міжнародным кінафестывалем у Чэхіі, другі прэстыжнасцю пасля фестывалю ў Карлавых Варах. Фестываль паказвае шырокі спектр сучасных фільмаў з усяго свету. Фестываль быў заснаваны ў снежні 1993 года ў Празе. У гэтым годзе ён праходзіць у дваццаты раз. Спачатку фільмы будуць паказаныя ў Празе, а потым у іншых гарадах Чэхіі. Скончыцца фестываль 12 красавіка.