Палітвязень Дзядок атрымаў бандэроль з лекамі
- 28.02.2013, 15:39
Бацькі палітвязня Мікалая Дзядка перадалі сыну медыцынскую бандэроль для лячэння хранічнай хваробы страўніка.
«Захворванне, выяўленае ў сына падчас знаходжання ў турме, звязана са шматлікімі стрэсамі і няякасным харчаваннем», - лічыць Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка.
Пра гэта ён заявіў сайту charter97.org.
«Нам удалося адправіць Мікалаю бандэроль з вітамінамі і лекамі, якую ён, на шчасце, атрымаў. Сыну таксама дазволілі пагутарыць з жонкай па тэлефоне, але графіка далейшых званкоў мы пакуль што не ведаем», - сказаў бацька палітвязня.
Ён таксама адзначыў, што хранічнае захворванне страўніка ў сына звязана з доўгімі нервовымі перагрузкамі і дрэнным харчаваннем.
«Захворванне паўстала падчас знаходжання ў месцах пазбаўлення волі. Гэта звязана з доўгімі стрэсамі і псіхалагічным ціскам з боку спецслужбаў і турэмнай адміністрацыі. Паўплываў і судовы працэс. Яшчэ трэба ўлічыць няякаснае харчаванне ў следчым ізалятары, калоніі і турме. Усё гэта ў сукупнасці прывяло да праблем са здароўем», - сказаў на заканчэнне Аляксандр Дзядок.
Нагадаем, што Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч і Аляксандр Францкевіч, якія праходзілі з ім па адной справе, былі асуджаныя судом Заводскага раёна Менску 27 траўня 2011 года. Ім інкрымінавалі шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закід бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Мікалая Дзядка прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У снежні 2012 года ён быў пераведзены ў турму №4 Магілёва.