Алесь Ліпай: Затрыманыя журналісты не парушалі закон
- 28.02.2013, 19:11
Усе супрацоўнікі здымачнай групы БелаПАН, затрыманыя сёння, былі акрэдытаваныя і мелі пры сабе пасведчанні.
«Затрыманне журналістаў звязана з тым, што адзін з мінакоў палічыў тэму відэаапытанне крамольнай і паведаміў у міліцыю», - мяркуе дырэктар кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай.
Пра гэта ён паведаміў charter97.org.
«Паводле задання рэдакцыі супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва прапаноўвалі мінакам адказаць на пытанне: «Каго вы гатовыя фінансаваць - уладу ці апазіцыю?». Пры гэтым прапаноўвалася апусціць сімвалічную суму грошай у скрыні з надпісам «апазіцыя» і «ўлада», - сказаў дырэктар БелаПАН.
Ён таксама падкрэсліў, што журналісты дзейнічалі ў рамках закона.
«Усе сябры здымачнай групы мелі пры сабе службовыя пасведчанні і былі акрэдытаваныя. Супрацьзаконных дзеянняў яны не рабілі. У сваю чаргу, супрацоўнікі міліцыі, затрымаўшы журналістаў, парушылі Закон «Аб сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь», - сказаў на заканчэнне Алесь Ліпай.
Нагадаем, сёння карэспандэнт БелаПАН Ганна Афоніна і аператары Сяргей Сацюк і Васіль Сямашка былі затрыманыя падчас правядзення штотыднёвага вулічнага відэаапытанне.