Кіраўнік Google паставіў Беларусь, Зімбабвэ і Паўночную Карэю ў адзін шэраг
- 4.02.2013, 8:36
Краіны-выгнанцы ўжо сёння хочуць ведаць, хто стаіць за кожным інтэрнэт-рахункам.
У будучыні гэтая тэндэнцыя ўзмоцніцца і можа распаўсюдзіцца на іншыя дзяржавы. Пра гэта піша кіраўнік рады дырэктараў Google Эрык Шміт у кнізе «Новы лічбавы век», напісанай у суаўтарстве з кіраўніком Google Ideas Джарэд Коэнам. Вытрымкі з яе публікуе The Wall Street Journal (пераклад - charter97.org).
«Такія краіны як Беларусь, Эрытрэя, Зімбабвэ і Паўночная Карэя, якія з'яўляюцца аўтарытарнымі рэжымамі з культам асобы і маюць статус выгнанцаў ва ўсім свеце, амаль нічога не страцяць ад уваходжання ў кіберзвяз дыктатур, дзе змогуць абменьвацца падыходамі да цэнзуры, маніторынгу, і адпаведнымі тэхналогіямі», - мяркуе Эрык Шміт.
Таксама аўтары кнігі звяртаюць увагу на тое, што ў будучыні шмат якія ўрады не захочуць мірыцца з ананімнасцю ў Інтэрнэце.
«Некаторыя ўрады будуць уважаць занадта вялікую рызыку мець тысячы ананімных карыстальнікаў, якіх нельга адсачыць і ідэнтыфікаваць. Гэтыя краіны захочуць ведаць, хто стаіць за кожным рахункам і будуць патрабаваць ідэнтыфікацыю на самым высокім узроўні.
Пошукавікі пры выдачы вынікаў будуць рангаваць інфармацыю, якая выплывае ад верыфікаваных профіляў, вышэй, чым такая ж інфармацыя ад ананімных профіляў. Натуральна, карыстальнікі будуць клікаць на верхнія, верыфікаваныя вынікі. Імкненне да ананімнасці можа прывесці да таго, што пра ваша меркаванне ніхто не даведаецца», - піша Эрык Шміт.
Кніга выйдзе ў красавіку 2013 года.