Беларускі МЗС насмяшыў свет
- 4.02.2013, 15:49
Даклад беларускага МЗС аб парушэннях правоў чалавека ў краінах Захаду быў выясмеяны праваабаронцамі.
«Смешна чуць пра падрыхтоўку такога дакладу з вуснаў прадстаўніка адной з самых аўтарытарных краін свету», - заявіў Валянцін Стэфановіч у інтэрв'ю сайту charter97.org.
Праваабаронца адзначыў, што параўноўваць парушэнні правоў беларусаў і жыхароў краін Еўрапейскага Звязу нельга.
«Вядома, выпадкі парушэння правоў чалавека можна знайсці ва ўсялякай краіне. Але, у адрозненне ад Беларусі, у Еўропе ёсць незалежныя суды і СМІ, таму ўсялякі такі выпадак не застанецца незаўважаным. У еўрапейцаў таксама ёсць магчымасць звяртацца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека. У яго дастаткова паўнамоцтваў для таго, каб не проста канстатаваць нейкія парушэнні, але і патрабаваць прывядзення нацыянальнага заканадаўства краіны-чальца ЕЗ у адпаведнасць з агульнаеўрапейскімі дэмакратычнымі нормамі», - заявіў праваабаронца.
Валянцін Стэфановіч асобна адзначыў тое, што даклад падаў міністр замежных спраў Беларусі.
«Хутчэй за ўсё гэты факт звязаны з перамовамі, якія Уладзімір Макей вядзе з замежнымі дыпламатамі, пачынаючы з канца мінулага года. Спадзяюся, што ў іх закраналася праблема беларускіх палітвязняў. Улічваючы тое, што ўлады не хочуць іх вызваляць, ім спатрэбіліся для гэтага новыя аргументы», - заявіў праваабаронца.
Валянцін Стэфановіч таксама звярнуў увагу на тое, што ў краінах Захаду праваабаронцы могуць спакойна збіраць інфармацыю аб парушэннях правоў грамадзян, у Беларусі гэта немагчыма.
«У нас за праваабарончую дзейнасць можна патрапіць у турму. А спецдакладчыка аб правах чалавека, якога прызначыла ААН - арганізацыя, у якую ўваходзіць Беларусь, - улады наогул адмовіліся пускаць у краіну», - адзначыў Валянцін Стэфановіч.
Нагадаем, беларускае міністэрства замежных спраў падрыхтавала даклад «аб парушэнні правоў чалавека ў асобных краінах свету ў 2012 годзе».
У дакладзе прыводзяцца факты «парушэння правоў чалавека» ў 23 еўрапейскіх краінах, у тым ліку Польшчы, Аўстрыі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі, а таксама ў ЗША і Канадзе.