Маккейн параўнаў Ахмадзінежада з малпай
- 5.02.2013, 9:22
Так амерыканскі сенатар пракаментаваў заяву іранскага дыктатара пра намер адправіцца ў космас.
Адпаведную заяву Маккейн размясціў у сваім твітэры.
«Такім чынам, Ахмадзінежад хоча быць першым іранцам у космасе - але хіба гэта не ён быў там на мінулым тыдні?» - напісаў Маккейн, дадаўшы ў паведамленне спасылку на навінавую нататку з загалоўкам «Іран запускае ў космас малпу».
Пра адпраўку ў космас малпы афіцыйныя іранскія СМІ паведамілі 28 студзеня. Як адзначалася, запушчаная ў космас капсула паспяхова прызямлілася ў адпаведнасці з графікам, піша Lenta.ru.
Праз некалькі дзён пасля палёту іранскай малпы ў космас заходняя прэса ўсумнілася ў поспеху місіі. У прыватнасці, СМІ, параўнаўшы афіцыйныя здымкі жывёлы да і пасля палёту, выявілі адрозненні ў колеры поўсці і зніклую радзімую пляму над правым вокам.
4 лютага Махмуд Ахмадзінежад, прэзідэнцкія паўнамоцтвы якога заканчваюцца ў 2013 годзе, у ходзе наведвання выстаўкі дасягненняў іранскай авіякасмічнай галіны заявіў, што гатовы стаць «першым чалавекам, якога выведуць на арбіту іранскія навукоўцы».
Улады Ірана плануюць адправіць у космас уласнага касманаўта ў 2021 годзе.