Макею могуць адмяніць забарону на ўезд у ЕЗ на паўгода
- 7.02.2013, 9:17
Еўрапейскія чыноўнікі могуць падняць пытанне аб візе для неўязнога беларускага міністра на саміце ЕЗ.
Пра гэта заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» літоўскі еўрапарламентар Юстас Палцкіс.
«Узнікла ідэя адмяніць візавыя абмежаванні для міністра замежных спраў Беларусі толькі на паўгода. І за гэты час паглядзець, ці будуць змяняцца адносіны паміж Брусэлем і Менскам. Калі адбудуцца станоўчыя зрухі, то візавую забарону можна будзе адмяніць цалкам. Калі ж усё застанецца па-ранейшаму, то Уладзіміру Макею зноў вернуць статус неўяздных у Еўразвяз», - заявіў ён.
Ёсць і іншыя варыянты - Макея могуць наогул не згадаць у Бруселі. І ўсё застанецца так, як ёсць сёння. Еўрапейцы цяпер нашмат больш заклапочаныя іншымі праблемамі.
Сам Макей тым часам наведаў Маскву, дзе сустрэўся са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым і абмеркаваў з ім палітыку ўзаемадзеяння дзвюх краін на міжнароднай арэне.
Уладзімір Макей патрапіў у «чорны спіс» неўязных на тэрыторыю Еўразвяза згодна з рашэннем ад 31 студзеня 2011 года. Тады ён займаў пасаду кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі.