BE RU EN

Аўрал перад прыездам дыктатара ў Баранавічы

  • 7.02.2013, 11:09

Ажыятажная ўборка тэрыторыі каля БВБА праходзіць у Баранавічах.

Рабочыя ў спешным парадку зафарбоўваюць надпісы на бачных з вуліцы гаражах, малююць нумары на бліжэйшых да БВБА дамах, мяняюць дарожныя знакі і чысцяць ад снегу дарожкі, піша intex-press. «Лукашэнка ж прыляціць! - кажуць яны. - Рыхтуем пляцоўку...»

Па чутках, якія ўпарта цыркулююць у горадзе, кіраўніка чакаюць у Баранавічах 12 лютага. Пра сваой прыезд на БВБА ў пачатку гэтага года Лукашэнка заявіў яшчэ ў канцы 2012 года.

«Грандыёзная ўборка пачалася яшчэ ўчора. Што тут рабілася, мама міа! Снег амаль увесь дзень прыбіралі, машыны міліцыі туды-сюды ездзілі... Суседкі меркавалі, можа, міністр лёгкай прамысловасці прыехаў», - распавядае пажылая жыхарка горада.

Дворнікі спантаннай генеральнай уборцы не дзівяцца: «Нядаўна Мясніковіч прыязджаў, ведаеце, так?! - аглядаецца на БВБА пажылы мужчына ў патрапанай бясколернай спяцоўцы. - Тады таксама вуліцу ачышчалі ад снегу. Нам, дарэчы, не хапае рук, не спраўляемся з усім адразу. Прыходзьце з намі працаваць...»

Спешна мяняюць не пакарабачаныя, цэлыя, хоць і выцвілыя знакі на новенькія каля канчатковага прыпынку.

«Лукашэнка ж прыляціць, на аўтобусным прыпынку прызямліцца. Вунь рыхтуюць верталётную пляцоўку. А нам сказалі знакі памяняць - мы мяняем. Хоць быццам бы вясной павінны былі, зараз нязручна», - заўважыў дарожнік.

Непадалёк ад прыпынку абразаюць галінкі высокіх дрэў і заціраюць брудна-цёмнай сумессю яркія надпісы на гаражах. Насупраць прыпынку на дамах малююць нумары.

Прыхарошванні заўважаюць жыхары горада. Але самыя смелыя здагадкі пра прычыну такой бурнай працы не ідуць далей міністраў.

«Так ужо старанна снег прыбіраюць! Можа, які міністр да нас прыедзе, пытанні задасць. Я бы што-небудзь спытала...» - кажа пенсіянерка, якая прадае гародніну на міні-рынку. Яе суседка тут жа ўспамінае прыдатную гісторыю: «Чула, Мясніковіч ў адной работніцы спытаў, якая, маўляў, у вас зарплата, ну, яна сумленна і адказала, што два мільёны... Мясніковіч абурыўся трошкі, а калі з'ехаў, кажуць, лаялі яе... Зразумела?! Лепш пытанняў не задаваць».

Адміністрацыйны будынак БВБА звонку пакуль не фарбуюць. Затое на шэрым маркотным фоне з'явіліся ярка-сінія плакаты. Парадны ўваход упрыгожыў рэкламны слоган на рускай мове, а на выхадзе за плотам бачны слоган на беларускай для сваіх.

Работнікі да знешніх змен на прадпрыемстве паставіліся абыякава, чакаючы перамен унутраных. «У нас на БВБА ўжо каля паўгода мяняюць вокны, дзверы, рамантуюць прыбіральні, - пералічыла працаўніца Алена. - Але нас, працаўнікоў, хвалюе не рамонт, а павышэнне зарплаты. Абяцалі нам праз год сярэднюю зарплату па прадпрыемстве ў тысячу даляраў, але пакуль ніякіх пасоўванняў мы не бачым...».

Апошнія навіны