Беларускія хакеісты не трапілі на Алімпіяду ў Сочы
- 9.02.2013, 1:37
Зборная Беларусі ў хакеі страціла шанцы на алімпійскі квіток у Сочы ў 2014 годзе.
Гэта стала зразумела пасля таго, як 8 лютага ў адборачнай групе F у дацкім Военсе зборная Славеніі перамагла ў каманды Даніі - 2:1 і датэрмінова гарантавала сабе першае месца ў кваліфікацыйным квартэце і пропуск на Алімпіяду-2014. Славенскія хакеісты ўпершыню ў гісторыі краіны выступяць на Гульнях, паведамляе БелТА.
Беларуская ж каманда, 7 лютага саступіла Славеніі (2:4), а 8 лютага патрушчыла Украіну (6:0), у заключны дзень турніру 10 лютага пазмагаецца з данійцамі толькі за другое месца.
Турнірнае становішча:
1. Славенія - 6 балаў (2 матчы; розніца шайбаў 6-3)
2. Беларусь - 3 (2; 8/4)
3. Данія - 3 (2; 3-2)
4. Украіна - 0 (2; 0-8).
Беларусы альбо данійцы ў выпадку поспеху ў заключным матчы могуць здагнаць славенцаў у ліку набраных балаў, але ў такім выпадку каманда Славеніі атрымае перавагу над спаборнікамі дзякуючы перамогам у асабістых сустрэчах.
Дагэтуль зборная Беларусі выступала ў трох Алімпіядах (1998, 2002, 2010). Лепшым вынікам стала 4-е месца на Гульнях-2002 у амерыканскім Солт-Лэйк-Сіці, калі пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Уладзіміра Крыкунова беларускія хакеісты занялі 4-е месца, сенсацыйна падолеўшы ў чвэрцьфінале зорную зборную Швецыі (4:3). У японскім Нагана-1998 пад кіраўніцтвам Анатоля Варывончыка беларуская каманда заняла 7-е месца. А ў канадскім Ванкувэры-2010 пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава каманда Беларусі стала 9-й.
На Гульні-2006 у італійскі Турын зборная Беларусі не прабілася, страціўшы алімпійскі квіток, які ўжо амаль што ляжала ў кішэні, на апошніх хвілінах матчу з Латвіяй на адборачным турніры, які праходзіў у лютым 2005 года ў Рызе. Тады менш чым за 5 хвілін да канца трэцяга перыяду каманда пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава перамагала з розніцай у дзве шайбы (4:2), аднак затым цягам 2 хвілін 20 секунд прапусціла тры разы і саступіла дарогу ў Турын латвійскім хакеістам.