Карупцыйны скандал у Слоніме: Затрыманы начальнік ЖБСК
- 9.02.2013, 16:10
Фінансавая міліцыя выявіла факты незаконнага выкарыстання сродкаў жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва ягоным старшынём.
Кіраўнік ЖБСК, з'яўляючыся службовай асобай, што мае арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя функцыі, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, завалодаў грашовымі сродкамі ЖБСК ў суме звыш Br 25 млн і выдаткаваў іх на набыццё тавараў для асабістых патрэб, паведамляе БелТА.
У прыватнасці, ён набыў смартфон, мэблю, адзенне, прадукты харчавання. Тавары купляліся з траўня 2011 года да верасня 2012 года.
Паводле матэрыялаў Слонімскага міжраённага аддзела ўправы Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Гарадзенскай вобласці ў дачыненні да старшыні ЖБСК Слоніма распачатая крымінальная справа паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса Беларусі.