Украінскія камуністы заступіліся за беларускіх алігархаў
- 11.03.2013, 19:50
Лідар украінскіх камуністаў запатрабаваў не ўводзіць мыты на беларускія нафтапрадукты.
Гэты крок, на думку Пятра Сіманенкі, можа спрычыніцца да зрыву пасяўной кампаніі ва Украіне, піша РБК.
«Хутка трэба будзе сеяць, а значыць, сельгастэхніцы выходзіць у поле. Але ў выпадку забароны імпарту беларускіх нафтапрадуктаў, пасяўная кампанія можа стацца пад пагрозай зрыву. Бо паўстане дэфіцыт з нафтапрадуктамі, напрыклад, з саляркай, нафтатрэйдары падвысяць кошты, і нашым сялянам нічога іншага не застанецца, як пераплачваць», - заявіў Пётр Сіманенка.
Дэпутат нагадаў, што ва Украіну менавіта з Беларусі завозяцца танныя нафтапрадукты, якімі забяспечваюць краіну. На думку лідара КПУ, мыты з боку Украіны не толькі ўдараць па эканоміцы, але і паўплываюць на пахаладанне ў стасунках дзвюх краін.
Міністэрства энэргетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны зноў вывучае магчымасць увядзення мыт на ўвоз нафтапрадуктаў. Іх рэалізуюць тры кампаніі: «Юнівест-М», «Петратранс» і «Інтэрсэрвіс». Паводле інфармацыі ўдзельнікаў рынку, прасоўванне гэтага віду паліва пралабіяваў уласнік «Юнівест-М» Анатоль Цярнаўскі, у якога ёсць інтарэсы і ва Украіне.
Нагадаем, супраць яго і ўладальніка «Трайпла» Юрыя Чыжа ЕЗ увёў эканамічныя і візавыя санкцыі за падтрымку рэжыму Лукашэнкі.