Cледства ў справе Гайдукова прадоўжылі яшчэ на месяц
- 11.03.2013, 20:09
Следства ў справе наваполацкага актывіста прадоўжылі да 8 красавіка.
«Цяпер - да 8 красавіка. Следчыя кожны раз падаўжаюць следства на адзін месяц. І ніякіх іншых падрабязнасцяў гэтай справы ніхто не ведае», - распавяла Вольга Гайдукова, маці наваполацкага актывіста, абвінавачанага ў «здрадзе дзяржаве шляхам агентурнай дзейнасці», піша ПЦ «Вясна».
Вольга Гайдукова распавяла, што 11 сакавіка атрымала апошні ліст ад сына:
«Там усё бытавое: што перадаць і што здароўе нармальнае. Але я рада, што даходзяць хоць гэтыя некалькі радкоў. Следства доўжыцца ўжо пяты месяц, а яснасці ніякай. Нават зразумець немагчыма, у чым Андрэя абвінавачваюць: з усіх дапытаных і з адваката ўзялі падпіску пра невыдаванне таямніцы следства. А ў гэтай справе - усё таямніца!»
Сваякі не вераць у тое, што Андрэй Гайдукоў, 23-гадовы аператар Наваполацкага «Нафтана» мог займацца шпіянажам на карысць іншай дзяржавы. Ужо хаця б таму, што не мог ведаць нейкіх дзяржаўных сакрэтаў.
Пераслед са стараны КДБ яны могуць звязаць толькі з апазіцыйнымі поглядамі хлопца, які раней неаднаразова атрымліваў папярэджанні ад «людзей у цывільным». Яны раілі «не займацца палітыкай».
Андрэй Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада мінулага года ў Віцебску нібыта «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы». Пасля затрымання хлопца змясцілі ў менскі следчы ізалятар КДБ, потым на месяц перавялі ў Віцебскі следчы ізалятар, а затым зноў вярнулі ў Менск. Пад вартай ён знаходзіцца ўжо пяты месяц.
Другі наваполацкі актывіст, Ілля Багданаў, мае статус падазраванага ў гэтай «шпіёнскай» справе. Аднак ён застаецца на волі.