Палітвязня Францкевіча пазбавілі перадач і спатканняў
- 15.03.2013, 18:49
Аляксандра Францкевіча перавялі з карцэра ў камеру і пазбавілі спатканняў і перадач да канца тэрміну.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч. З ейных слоў, Аляксандр Францкевіч пасля 20 дзён штрафнога ізалятара быў пераведзены ў памяшканне крытага тыпу (ПКТ).
«Сын быў пераведзены 11 сакавіка са штрафнога ізалятара ў камеру. Гэтае крытае памяшканне ў той жа зоне, дзе сядзяць чатыры чалавекі. Яго свабода вельмі абмежаваная тым, што шпацыр дазволены цягам гадзіны, а спатканні і перадачы забароненыя наогул», - адзначыла маці палітычнага вязня.
Яна таксама падкрэсліла, што начальства Івацэвіцкай калоніі №22 увяло гэтую забарону аж да канца тэрміну.
«Аляксандр павінен выйсці на волю ў верасні 2013 года. Дагэтуль ён будзе знаходзіцца ў ПКТ, а таксама будзе пазбаўлены перадач і спатканняў. Дадам, што сёння з ім сустрэўся адвакат і паведаміў, што можна будзе толькі пасылаць бандэролі, - склала Таццяна Францкевіч.
Нагадаем, у траўні 2011 года Аляксандр Францкевіч быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі паводле «справы анархістаў». Яго звінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама. На судзе сваёй віны ён не прызнаў. Праваабаронцы прызналі Францкевіча палітычным зняволеным і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.