Генпракуратура Швецыі пачала расследаванне справы аб «плюшавым дэсанце»
- 19.03.2013, 17:47
Генпракуратура Швецыі абвясціла пра пачатак расследавання па справе аб перасячэнні літоўска-беларускай мяжы шведскім самалётам.
У пачатку ліпеня мінулага года з борта шведскага самалёта, які несанкцыянавана перасёк мяжу Беларусі з боку Літвы, былі раскіданыя, у тым ліку над Менскам, плюшавыя медзведзяняты з прымацаванымі да іх лозунгамі ў падтрымку свабоды слова. Гэтая акцыя атрымала ў СМІ назву «плюшавы дэсант». Беларусь звярнулася да Літвы і Швецыі з просьбай аказаць прававую дапамогу ў расследаванні крымінальнай справы аб парушэнні мяжы шведскім самалётам, паведамляе РІА «Новости».
У пачатку студзеня прававыя органы Літвы заявілі пра завяршэнне дасудовага расследавання. Літоўская пракуратура прызнала падазраванымі грамадзян Швецыі. У сувязі з гэтым Літва звярнулася ў кампетэнтныя органы Швецыі з просьбай працягнуць крымінальнае расследаванне.
«У адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі паміж Швецыяй і Літвой існуе прававая база для правядзення расследавання шведскім бокам, улічваючы тое, што гаворка ідзе пра шведскіх грамадзян», - гаворыцца ў заяве шведскай генпракуратуры.
Раней адказнасць за акцыю ўзялі на сябе два супрацоўнікі шведскага рэкламнага агенцтва Studio Total. Яны адмовіліся з'явіцца ў беларускі КДБ, куды іх запрашалі на размову для высвятлення абставінаў справы, па якім у Беларусі таксама было распачатае крымінальнае расследаванне.
У сувязі з інцыдэнтам кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыні Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Змітра Пахмелкіна, шэрагу кіраўнікоў сілавых структур абвешчаныя вымовы і папярэджанні аб няпоўнай службовай адпаведнасці. Беларускі памежнік, які не далажыў пра парушэнне дзяржмяжы самалётам, быў прысуджаны да двух гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адразу пасля інцыдэнту былі затрыманыя два беларускіх грамадзяніна - фатограф Антон Сурапін і рыэлтар Сяргей Башарымаў. Пасля яны былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе.