Дыктатар прыстрашыў турмой кіраўнікоў «Белнафтахіма» і «Беларуськалія»
- 2.03.2013, 12:30
Лукашэнка зноў «выявіў» карупцыю на найбуйнейшых прадпрыемствах краіны.
Аб праблемных пытаннях работы ў 2012 годзе прадпрыемстваў і галін, у тым ліку банкавай сістэмы і валютнага рынку, распавёў на ўчорашнім пасяджэнні Савета Міністраў, прысвечаным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2012 і задачам на 2013 год, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон.
З ягоных слоў, найбольш відавочнай праблемай ўсіх галін эканомікі з'яўляецца неадпаведнасць паміж дэклараванымі мэтамі і дасяганымі вынікамі. Так, практычна ўсюды не выкананы найважнейшыя паказчыкі зніжэння матэрыяла-і энэргаёмістасці прадукцыі, піша БелТА.
Таксама кіраўнік КДК звярнуў увагу і на асобныя выпадкі махінацый пры выкарыстанні крэдытных рэсурсаў. Установа робіць захады для супрацьдзеяння розным маніпуляцыям дзяржаўнымі сродкамі на рынках каштоўных папер і страхавых паслуг. «Рынак аблігацый быў прывабным для несумленных эмітэнтаў, якія, не маючы ніякіх актываў, выпускалі аблігацыі пад атрыманыя гарантыі дзяржаўных страхоўшчыкаў і прадавалі іх на біржы. У выніку за неплатаздольных эмітэнтаў цяпер разлічваюцца страхоўшчыкі», - адрапартаваў Аляксандр Якабсон.
Акрамя таго, значныя дзяржаўныя сродкі накіроўваюцца буйнымі прадпрыемствамі, такімі як «Беларуськалій», «Брэстэнэрга», «Гроднаэнэрга» ды іншымі, на добраахвотнае страхаванне дадатковай пэнсіі.
«Гэтыя сродкі дзяржаўных прадпрыемстваў пералічваюцца прыватнай страхавой кампаніі «Беларускі народны страхавы пэнсійны фонд», якая змяшчае іх на дэпазітах у банках, а атрыманыя ад гэтага прыбыткі выкарыстоўваюць у асабістых інтарэсах акцыянеры гэтага таварыства (дырэктарка і ейны муж, а таксама некаторыя іншыя камерцыйныя структуры) . Так, сярэдні заробак дырэктаркі ў 2012 годзе складаў Br 30 млн, а атрыманыя дывідэнды мужа і жонкі за год склалі амаль Br 3 млрд», - адзначыў старшыня КДК.
Лукашэнка запатрабаваў у найкароткія тэрміны навесці ў гэтым пытанні парадак. Пра прычыны сітуацыі расказаў міністр фінансаў Андрэй Харкавец. Са слоў міністра, у прыватнасці «Беларуськалію» неаднаразова прапаноўвалася перайсці на абслугоўванне дзяржаўным страхавым прадпрыемствам, аднак пытанне з шэрагу прычын не развязваецца.
Правадыр таксама выслухаў меркаванне генеральнага дырэктара «Беларуськалія» Валерыя Кірыенкі, які спаслаўся на рознага кшталту цяжкасці. У сваю чаргу старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Жылін наогул заявіў, што «пра гэтую тэму даведаўся толькі цяпер».
«Можа быць, там Кірыенка не на месцы, калі ён элементарнае пытанне не можа развязаць? - адзначыў дыктатар. - Аляксандр Серафімавіч (Якабсон), калі вы не разбярэцеся, я разбяруся з высновамі для Вас. Вінаваты Кірыенка - у астрог яго. Вінаваты Жылін - наўздагон. Падначаленыя - усіх туды».
«Тры мільярды! Адкуль гэтыя грошы?! Яны што, калійныя ўгнаенні вырабляюць і прадаюць? Не. І бездапаможны Мінфін!», - абурыўся Лукашэнка.
«Вазьміце на кантроль, каб грошы гэтыя, дывідэнды, укладзеныя ў хорамы ды іншае, былі вернутыя. Думаю, вы гэта развяжаце на працягу першага квартала. Вось, калі ласка, эфэктыўнасць работы КДК, Кірыенкі, Жыліна, міністра фінансаў і прэм'ер-міністра. Гэта і ёсць фармальны бюракратычны падыход, - падкрэсліў дыктатар. - Вам, Міхаіл Уладзіміравіч (Мясніковіч), і Якабсону гэта проста прыклад вашага падыходу да гэтага. Калі вы не маглі, здыміце слухаўку, і надвечар была б рэзалюцыя, якую Валерый Вакульчык з кулямётам выканаў бы ці міністр унутраных спраў. На вашых вачах раскрадалі грошы, а вы спакойна да гэтага ставіцеся».
«Да канца сакавіка ўсе пытанні развязаць. Не развяжа, Кірыенку ў камэру. А ўздагон - міністра», - даручыў правадыр старшыню КДБ.
«Аляксандр Серафімавіч, я астатні раз вам раблю заўвагу. Або Вы як старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю дзейнічаеце так, як мае быць, абараняючы інтарэсы дзяржавы, або прыйдзіце і скажыце: я баюся, не магу», - папярэдзіў ён.
Таксама правадыр раскрытыкаваў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
Як было адзначана на пасяджэнні ў дачыненні да сфэры, якой апекуецца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Беларусь у параўнанні з 2008 годам значна палепшыла свае пазіцыі ў сусветных рэйтынгах. У 2012 годзе забяспечанае будаўніцтва і развіццё сучасных сетак электрасувязі з усталяваннем тэлекамунікацыйнага абсталявання. «У нас наогул Міністэрства сувязі і інфарматызацыі няма. У яго тры тэлефоны як было, так і засталося. Ён дагэтуль кажа, што радыё трэба зняць, слупы парэзаць і гэтак далей. Слухайце, свет даўно ўжо думае іншымі катэгорыямі. І я вымушаны даручаць пэўныя захады не Міністэрству сувязі, а іншым структурам, у тым ліку тому ж Янчэўскаму», - адзначыў верхавод.