Менск зноў гандлюе палітвязнямі
- 20.03.2013, 16:53
Юстас Палецкіс заявіў, што Менск гатовы вызваліць палітычных вязняў.
Пра гэта дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс заявіў сёння «Радыё Свабода». Літоўскі парламентар з 18 па 21 сакавіка знаходзіцца ў Менску, дзе збірае матэрыялы для свайго дакладу на пленарным пасяджэнні дэпутатаў Еўрапарламента.
Праблему вызвалення палітвязняў дакладчык назваў «пытаннем з пытанняў». Палецкіс сказаў, што ўздымаў гэтую праблему на ўсіх сустрэчах, перш за ўсё з афіцыйнымі беларускімі чыноўнікамі:
«Гэта сапраўды пытанне з пытанняў. І цяпер, наколькі я зразумеў, Менск не з'яўляецца больш закасцянелым і не гатовым вырашаць гэтыя пытанні. На мой погляд, гэта цалкам магчыма. Але калі і як гэта адбудзецца, пакуль вельмі цяжка сказаць».
На пытанне, ідзе гаворка толькі пра вызваленне палітвязняў ці пра іх рэабілітацыю таксама, літоўскі парламентар адказаў:
«Я большай часткай размаўляў з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю. Больш, чым з афіцыйнымі асобамі. У іх таксама вельмі розныя меркаванні. Адны кажуць, што патрабаваць рэабілітацыі нерэальна. Іншыя кажуць, што павінна адбыцца не толькі вызваленне, але і рэабілітацыя палітвязняў. Напэўна, тут сапраўды ёсць над чым падумаць».
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які сустракаўся з Палецкісам сам-насам, настойвае на рэабілітацыі палітвязняў.
«Я казаў пра неабходнасць таго, каб Еўразвяз і яго структуры патрабавалі ад беларускіх уладаў абавязковай рэабілітацыі ўсіх палітвязняў», - заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
«Ён хацеў чуць прапановы, якія маглі б быць далучаныя да гэтага дакладу. Мая галоўная думка - намаганні канцэнтраваць не на тым, што кансервуе сітуацыю, а на тым, што яе змяняе. Гэта азначае, што трэба канцэнтравацца не на маленькіх, дробных пытаннях, а ўсё-такі сфакусавацца на галоўных. А гэта - вызваленне і рэабілітацыя палітычных вязняў, свабодныя, справядлівыя выбары, план мадэрнізацыі для Беларусі».
Дакладчык па Беларусі правёў перамовы і з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчынай.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных адзначыў:
«Нам вядома, што спадар Палецкіс прыехаў у Беларусь для збору інфармацыі для даклада аб ўзаемаадносінах Беларусі і Еўразвяза. Мы прадставілі яму афіцыйны пункт гледжання. Спадзяемся, што гэты даклад будзе аб'ектыўны. Калі гэта адбудзецца, то магчыма, ён будзе спрыяць паляпшэнню ўзаемаразумення і актывізацыі дыялогу паміж Беларуссю і ЕЗ. Я думаю, што гэта абодвум бакам трэба».
У дакладчыка дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі адбылося шмат сустрэч. Яго суразмоўцамі былі таксама кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі Майра Мора, кіраўнікі дыпмісій у Беларусі - Германіі, Польшчы, ЗША, апазіцыйныя палітыкі, праваабаронцы, аналітыкі, чыноўнікі з урадавых структур.
Палецкіс сказаў, што ужо ў наступным месяцы ён прадставіць першы праект свайго дакладу аб сітуацыі ў Беларусі. Гэта будзе невялікі тэкст памерам у чатыры старонкі.
Нагадаем, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч выступіла з крытыкай з нагоды прыезду літоўскага парламентара ў Менск.