Палецкіс апраўдваецца
- 20.03.2013, 22:08
Еўрадэпутат адказаў на крытыку лідара «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава.
Дакладчык дэлегацыі Еўрапейскага парламента ў справах Беларусі Юостас Палецкіс заявіў, што для наладжвання стасункаў з Еўрапейскім Звязам афіцыйны Менск павінен вызваліць палітвязняў, паведамляе БелаПАН.
«Вызваленне палітвязняў - гэта праграма-мінімум. Але адначасова гэта і зняццё велізарнага бар'ера, магчымасць для дыялогу, падчас якога могуць адбыцца нядрэнныя змены», - сказаў еўрадэпутат.
Таксама Юостас Палецкіс заявіў, што яму нічога невядома аб планах абмяняць магчымасць вяртання ў Менск шведскага амбасадара на выключэнне міністра замежных спраў Беларусі са спісу беларускіх чыноўнікаў, неўязных у ЕЗ.
«Наколькі мне вядома, такога абмену не было. І я не думаю, што ён можа быць. Хоць, прызнаюся, мне далёка не ўсё вядома пра перамовы ЕЗ з Менскам. Але наогул прымітыўныя абмены - гэта не стыль Еўразвязу. Стыль Еўразвязу, на мой погляд - ствараць умовы, каб, калі няма кардынальных перашкод, усё ж рухацца наперад і думаць аб тым, што было б лепш грамадзянам Беларусі і грамадзянам Еўразвязу», - сказаў ён.
Нагадаем, сёння лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў раскрытыкаваў заяву Юостаса Палецкіса пра тое, што Менск нібыта гатовы вызваліць палітвязняў.
«Гэта спроба супакоіць грамадскую думку, перш за ўсё ў Еўропе. Незразумела, чаму Палецкіс удзельнічае ў гэтай бруднай гульні», - сказаў былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі.
Фотa: delfi.ee