Аўтары «Акту Магніцкага» патрабуюць яго пашырэння
- 22.03.2013, 15:18
Сенатар Бенджамін Кардзін і кангрэсмен Джэймс Макговэрн запатрабавалі ад адміністрацыі ЗША зацвердзіць максімальна жорсткую версію «Акту Магніцкага».
Амерыканскія заканадаўцы настойваюць на істотным пашырэнні чорнага спісу расейскіх чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі. У сярэдзіне красавіка Белы дом павінен апублікаваць канчатковы варыянт спісу, і кангрэсмены прыгразілі ў выпадку невыканання іх патрабавання правесці праз Кангрэс новы, больш жорсткі закон, піша «Коммерсант».
Нагодай для звароту кангрэсменаў да адміністрацыі стала нядаўняе рашэнне Следчага камітэта Расеі, які спыніў справу аб смерці Сяргея Магніцкага з-за «адсутнасці падзеі злачынства». У Вашынгтоне палічылі гэта адказам на рашэнне ўладаў штата Тэхас, якія адмовіліся прыцягнуць да адказнасці прыёмных бацькоў трохгадовага Максіма Кузьміна і палічылі, што дзіця загінула з-за няшчаснага выпадку. «Расейскі бок публічна выказаў незадаволенасць, а ўжо на наступны дзень абвясціў аб закрыцці гучнай справы, якая вось ужо некалькі гадоў з'яўляецца адной з галоўных праблем у двухбаковых адносінах, - заявіла крыніца, блізкая да Дзярждэпу ЗША. - Наўрад ці гэта можна лічыць супадзеннем».
«Такая рэакцыя пацвярджае, што закон неабходны, - заявіў аўтар «Акту Магніцкага», зацверджанага верхняй палатай Кангрэса, сенатар Бенджамін Кардзін. - Адказ, атрыманы з Расеі, сведчыць пра праблемы гэтай краіны».
Першы варыянт «спісу Магніцкага», занесенага Кардзінам на разгляд Сената ў траўні 2011 года, змяшчаў імёны 60 расейскіх чыноўнікаў, якія фігуруюць у афіцыйных дакументах па справе аб гібелі аўдытара фонду Hermitage. Аднак гэты спіс заканадаўцы ЗША палічылі няпоўным, прапанаваўшы адміністрацыі ўвесці санкцыі і супраць іншых расейскіх афіцыйных асоб. У выніковым варыянце закона агаворваецца, што падставай для ўключэння ў спіс могуць стаць «дакладныя і правераныя факты сур'ёзных парушэнняў міжнародна прызнаных правоў чалавека».
Да 13 красавіка Белы дом павінен зацвердзіць чорны спіс і ўнесці прозвішчы яго фігурантаў ў федэральны рэестр асоб, якім забаронена ўязджаць на тэрыторыю ЗША. Адначасова будуць замарожаныя банкаўскія ўклады і іншая маёмасць гэтых асоб.
Як стала вядома, да працы над канчатковым варыянтам спісу былі прыцягнутыя вядучыя праваабаронцы ЗША. Так, у студзені Дзярждэп звярнуўся да некалькіх НКА - у прыватнасці, Human Rights Watch, Human Rights First, Amnesty International USA, папрасіўшы прадставіць іх пералік магчымых кандыдатаў на ўключэнне ў чорны спіс.
Па правілах інфармацыя пра кандыдатаў не можа быць раскрытая да зацвярджэння спісу прэзідэнтам ЗША. Акрамя гэтага, адміністрацыя мае права засакрэціць некаторыя імёны «па меркаваннях нацыянальнай бяспекі. Тым не менш суразмоўцы ў амерыканскіх НКА перакананыя, што выніковы варыянт «Акту Магніцкага» можа быць істотна пашыраны. Так, адразу некалькі НКА палічылі патрэбным уключыць у дакумент цэлы шэраг гучных крымінальных працэсаў, абвінаваціўшы ўлады Расеі ва «ўжыванні выбарчага правасуддзя» і «нежаданні праводзіць паўнавартасныя расследаванні». У прапановах згаданыя «жорсткія меры», прынятыя ўладамі Расеі пасля масавых выступленняў вясной мінулага года; нераскрытыя рэзанансныя забойствы; знікненні людзей; катаванні і «смяротныя збіцці».
Пасля прыняцця закона ў ЗША ў многіх еўрапейскіх краінах пачалося абмеркаванне магчымасці далучэння да яго і прыняцця санкцый супраць замяшаных у справе Магніцкага карумпаваных чыноўнікаў.