BE RU EN

Падарожжа Лукашэнкі за тры моры

  • 24.03.2013, 13:13

Чаму больш чым сціплыя вынікі візіту дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Інданэзію і Сінгапур падаюцца як поспех беларускай дыпламатыі?

Разгон, з якім беларуская прапаганда асвятляла знаходжанне з 18 да 22 сакавіка афіцыйнай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Інданэзіі і Сінгапуры, павінен быў сімвалізаваць прарыў у эканамічных стасунках з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Напраўду вынікам дэсанту з 80 чыноўнікаў і бізнэсоўцаў сталіся збольшага мэмарандумы аб супрацоўніцтве і дэкларацыі аб намерах, хоць сам візіт, як паведамлялася афіцыйна, рыхтаваўся цэлых два гады, піша на сайце «Нямецкай хвалі» Наталля Макушына.

Менску пільна патрабуецца валюта, але так, каб пра гэта ніхто не здагадаўся. З гэтай пазіцыі варта ацэньваць актывізацыю кантактаў найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў з кіраўніцтвам далёкіх краін, дзе эканамічная сітуацыя ў Беларусі пакуль мала вядомая. Галоўнай мэтай ваяжу кіраўнікоў некалькіх міністэрстваў і прэзідэнта з Менска ў Сінгапур і Інданэзію быў выключна «перахоп да заробку» 600 мільёнаў даляраў пад заклад аблігацый на фінансавым азіяцкім рынку.

Усё астатняе - і заявы аб новых вектарах узаемадзеяння, і дэкларацыі аб намерах павялічыць пастаўкі аўтапокрывак і калія на паўднёва-азіяцкія рынкі, і заклікі ўкласціся ў беларускі парк высокіх тэхналогій - не больш чым аперацыя заслону для неадкладных пазычанняў. Таму руцінная праца дыпламатычнай службы для пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі ва ўсходне-азіяцкім рэгіёне і прасоўвання тавараў была пададзеная афіцыёзам як выдатнае дасягненне замежнай палітыкі.

За блізкі свет

«Каб прадаць штосьці добрае, трэба спачатку вырабіць штосьці добрае», - сказаў бы кот Матроскін з дзіцячага мультфільма. Але тэхналогіі, якія ёсць у Заходняй Еўропе, недаступныя Беларусі з прычыны слепаватай палітыкі найвышэйшага кіраўніцтва, што упарта развівае тэорыю аб нейкім «уласным шляху развіцця». З прычыны чаго Менск аддае перавагу пошуку экзатычных краін, куды можна збываць незапатрабаваныя на Захадзе тавары. Але насуперак фантазіям беларускіх чыноўнікаў, Джакарта і Сінгапур наўрад стануць «ідэальнай пляцоўкай для прасоўвання беларускай прадукцыі».

Нягледзячы на тое, што афіцыйныя беларускія СМІ назвалі Беларусь «доўгачаканым госцем у Паўднёва-Усходняй Азіі», у статыстыцы беларускага мытнага камітэта ні Сінгапур, ні Інданезія не адзначаныя ў спісе значных гандлёвых партнёраў. За 20 гадоў з часу падпісання дамовы аб супрацоўніцтве Беларусі з Сінгапурам таварнае абарачэнне ў мінулым годзе склала толькі 26,5 мільёнаў даляраў. Сумнеўна, што і ў будучыні найбагацейшы фінансавы цэнтр усходнеазіяцкага рэгіёну стане адчуваць пільную патрэбу ў беларускіх вырабах. Не варта таксама спадзявацца, што і чалец СГА Інданэзія аддасць перавагу малочным прадуктам з Беларусі перад прадукцыяй з Аўстраліі, а перад тэхнікай іншых краін - выключна беларускім трактарам і МАЗам.

Асаблівасці нацыянальнага палявання на інвестараў

Магчыма, для беларускага электарату, напалоханага ростам коштаў і перспектывай чарговага крызісу, інфармацыя аб павелічэнні гандлёвых стасункаў з далёкімі краінамі за кошт продажу калійных угнаенняў можа паслужыць некаторым заспакаеннем. Але ўлады Беларусі так і не засвоілі, што само сабой павелічэнне ліку рынкаў за блізкім светам не з'яўляецца абавязковай умовай для ўздыму беларускай эканомікі без яе структурнай перабудовы.

Асаблівасцю нацыянальнага палявання на інвестараў стала нязграбная палітыка Менска насуперак Міжнароднаму валютнаму фонду, які больш не дае напавер, і Крамлю, які адмовіў беларускаму кіраўніцтву ў двухмільярдным крэдыце. Бо афіцыйнае запрашэнне бізнэсоўцаў з Сінгапура паўдзельнічаць у прыватызацыі «Беларуськалія» і беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў прагучала як выклік хаўрусніцы ў інтэграцыі Маскве, якая так і не дачакалася гэткага запрашэння.

Зрэшты, похапкам пераняць грошай Аляксандр Лукашэнка пакуль не здалеў і ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем працягнуў ваяж з Сінгапура ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, дзе запланаваныя перамовы з кіраўніцтвам ААЭ і прадстаўнікамі бізнэс-колаў.

Апошнія навіны