Чыноўніка Мінбудархітэктуры падазраюць у махлярстве
- 25.03.2013, 9:03
Узбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да начальніка аднаго з аддзелаў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Будаўнічы чыноўнік падазраецца ў махлярстве, піша «Ежедневник».
Фігурантам крымінальнай справы, стаў начальнік аддзела вытворчага развіцця і кантролю за рэалізацыяй дзяржаўна-інвестыцыйнай праграмы галоўнага ўпраўлення будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Адзначым, што ў апошні час пачасціліся выпадкі гучных абвінавачванняў у карупцыі і махлярстве, вылучаных супраць дзяржчыноўнікаў.
Паводле інфармацыі АБЭЗ Менскага РАУС, па матэрыялах якога і была ўзбуджаная крымінальная справа, падазраваны, працуючы ў названай пасадзе, з 8 лютага па 28 сакавіка 2011 года здзейсніў махлярства ў дачыненні да жыхаркі Менска.
Так, маючы намер на завалоданне чужой маёмасцю, шляхам падману і злоўжывання даверам, і не маючы намер выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, чыноўнік у вёсцы Вялікае Сціклева Менскага раёна завалодаў грашовымі сродкамі знаёмай жанчыны, паабяцаўшы ёй купіць на выгадных умовах будаўнічае абсталяванне ў менскага прадпрымальніка. Ён аргументаваў гэта тым, што прадпрымальнік прадаставіць уплывоваму чыноўніку вялікую зніжку. Жанчына паверыла «дабрадзею» і перадала яму 24,5 мільёна рублёў. У выніку пацярпелая не ўбачыла ні абсталявання, ні грошай.
Па дадзеным факце Следчым камітэтам у дачыненні да чыноўніка Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва распачатая крымінальная справа па ч.3 арт.209 Крымінальнага кодэкса Беларусі (махлярства, здзейсненае ў буйным памеры), якая прадугледжвае пакаранне да сямі гадоў пазбаўлення волі).
Вядзецца расследаванне.
Фотa - veved.ru