BE RU EN

Палудзень прысуджаны да 3,5 гадоў турмы

  • 25.03.2013, 10:32

Былы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўген Палудзень прысуджаны да 3,5 гадоў пазбаўлення волі.

Прысуд абвясціла сёння раніцай ваенная калегія Вярхоўнага суда, паведамляе «Інтэрфакс».

Палудзень прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт.424 і ч. 3 арт.426 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі асобай, якая займае адказнае становішча).

Суд таксама пастанавіў, што гэты прысуд канчатковы і абскарджанню не падлягае. У адпаведнасці з вызначэннем калегіі Ваеннага суда, расследаванне па эпізодах бязвыплатнага атрымання Br1,8 млн за афармленне дакумента, а таксама па ч. 3 арт. 430 - атрыманне хабару ў выглядзе 100 л дызпаліва - спыніць за адсутнасцю складу злачынства.

Па рашэнні суда, Палудзень мае права на працягу пяці сутак падаць заяву на пратакол рашэння суда.

Згодна з рашэннем суда, у тэрмін пакарання Палудня ўключаны тэрмін утрымання пад вартай.

Нагадаем, Палудзень быў арыштаваны 8 снежня 2011 года, 27 снежня ён быў вызвалены ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў - начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і звольнены з органаў унутраных спраў Беларусі ў запас з фармулёўкай: «у сувязі з учыненнем праступкаў, якія дыскрэдытуюць званне супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Ваенная калегія Вярхоўнага суда разглядала справу Палудня ў закрытым рэжыме.

Намеснікам кіраўніка МУС - начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Палудзень быў прызначаны 4 жніўня 2009 года.

Ён прысутнічаў на акцыях пратэсту апазіцыі і асабіста камандаваў іх разгонамі.

Апошнія навіны