МВФ зноў папярэджвае аб эканамічных рызыках
- 25.03.2013, 18:57
Міжнародны валютны фонд раскрытыкаваў беларускія ўлады за паспешлівасць у паслабленні эканамічнай палітыкі.
Гэта стала крыніцай і можа ўзмацніць нестабільнасць эканомікі Беларусі. Пра гэта заявіў Дэвід Хофман, кіраўнік місіі МВФ, якая праводзіць постпраграмны маніторынг за перыяд з 14 да 25 сакавіка 2013 года ў Менску, паведамляе АФН.
Так, кіраўнік місіі папракнуў Нацбанк за паспешлівае зніжэнне стаўкі рэфінансавання да 28,5% на фоне імклівага росту інфляцыі ў першыя два месяцы 2013 года.
«Мы мяркуем, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання два тыдні таму было заўчасным», - сказаў Хофман.
«Мы рэкамендуем, каб Нацыянальны банк быў гатовы падвышаць вызначаныя палітыкай адсоткавыя стаўкі, калі вітанае скарачэнне інфляцыі ў лютым не будзе замацаванае найбліжэйшымі некалькімі месяцамі. Павышэнне адсоткавых ставак таксама будзе патрэбна, калі палітыка мэтавага крэдытавання або заробку будзе скарэктаваная ў недастатковай ступені або калі адновіцца ціск на абменны курс. Варта прадоўжыць правядзенне палітыкі гнуткага курсаўтварэння», - падкрэсліў прадстаўнік МВФ.
Ён таксама звярнуў увагу на хуткі ростам крэдытавання ў замежнай валюце.
«Гэта стварае растучыя прудэнцыяльныя рызыкі. Нацыянальнаму банку варта разгледзець далейшыя крокі для стрымлівання такога росту, а дзейную цяпер абгрунтаваную забарону на крэдытаванне фізічных асоб у замежнай валюце трэба захаваць», - сказаў Хофман.
Прадстаўнік МВФ таксама адзначыў ключавое значэнне абмежавання росту заробкаў для аднаўлення канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў.
«Пасля таго, як у мінулым годзе ў выніку істотнага заробкаў была страчаная значная частка павышэння канкурэнтаздольнасці, атрыманай у выніку дэвальвацыі 2011 года, МВФ рэкамендуе абмежаваць рост заробкаў у 2013 годзе 12 адсоткамі, што адпавядае мэтаваму паказчыку інфляцыі», - заявіў Хофман .
Адзначыўшы дасягнутае ў 2012 годзе скарачэнне мэтавага і субсідаванага крэдытавання, кіраўнік місіі рэкамендаваў ураду «імкнуцца да далейшага імклівага скарачэння такога крэдытавання ў 2013 годзе».
У прыватнасці, прадстаўнік МВФ рэкамендаваў абмежаваць дзейнасць Банка развіцця толькі фінансаваннем дзяржпраграм за кошт бюджэтных сродкаў і негатыўна адгукнуўся аб магчымых інструментах рэфінансавання капіталу Банка развіцця за кошт сродкаў Нацбанка РБ.
МВФ таксама раскрытыкаваў планы ўлад разагнаць рост ВУП у 2013 годзе да 8,5%.
«Гэта вельмі напружаны эканамічны паказчык. Гэтая задача ўяўляецца яшчэ больш складанай з улікам таго, што ўрад мае намер дасягнуць гэтага за кошт росту экспарту, калі тэмпы росту эканомік краін-партнёраў дастаткова нізкія», - сказаў Хофман.
Акрамя таго, рост эканомікі на 8,5% можа стаць пагрозай плану стрымаць інфляцыю на ўзроўні 12% у выніку 2013 года.