Ашуканыя дольшчыкі выйшлі пратэставаць на вуліцу
- 27.03.2013, 16:08
Некалькі дзесяткаў дольшчыкаў сумна вядомага даўгабуду на Лагойскім тракце сабраліся каля свайго дома з плакатамі, каб запісаць відэазварот да Лукашэнкі.
У 19-хвілінным відэароліку, больш падобным на дакументальны фільм, яны падрабязна распавядаюць храналогію будоўлі, якая расцягнулася амаль на пяць гадоў, і просяць Лукашэнку асабіста ўмяшацца ў сітуацыю, піша onliner.by.
Замест пакладзеных па нарматывах 16 месяцаў УКБ Савецкага раёна вядзе будаўніцтва дома ўжо 56 месяцаў. Спачатку больш за год адміністрацыя раёна не магла адсяліць сям'ю з двухпавярхоўкі, якая ішла пад знос, затым бачнасць работ на будпляцоўцы ствараў першы генпадрадчык (брэсцкая кампанія «Облик»), кіраўніцтва другога генпадрадчыка (фірма «Лайрон») і зусім знікла з краіны, прыхапіўшы з сабой 500 тысяч даляраў дольшчыкаў. Трэці падрадчык СУ-2008 узвёў скрынку будынка, але быў адхілены ад аб'екта.
Актыўнасць на будоўлі згасла, а ад дольшчыкаў зноў патрабуюць даплат. У адваротным жа выпадку УКБ пагражае скасаваннем дамоваў.
«Замест доўгачаканых і даўно аплачаных квадратных метраў жылля мы атрымліваем квадратныя метры адпісак», - гаворыцца ў відэазвароце.