ААН: Беларусь пастаўляе ў Судан Су-25 і С-8
- 4.03.2013, 16:56
Беларусь прадае Судану самалёты і ракеты ў парушэнне міжнародных санкцый.
Гэта ўзбраенне выкарыстоўваецца супраць паўстанцаў у правінцыі Дарфур, паведамляе AFP са спасылкай на экспертаў ААН (пераклад - charter97.org).
У прыватнасці, у іх дакладзе гаворыцца, што ўрад Судана вядзе барацьбу супраць паўстанцаў з дапамогай ракет класа «паветра-зямля» С-8 і штурмавых самалётаў Су-25, закупленых ў Беларусі, а таксама верталётаў Мі-24, якія пастаўляюцца з Расеі. Гэта ўзбраенне выкарыстоўваецца для нападаў на вёскі і лагеры праціўнікаў суданскага дыктатара Амара аль-Башыра.
Тэхніка і зброя, пастаўленыя Беларуссю, былі заўважаныя ў аэрапортах краіны.
«Авіяўдары працягваюцца некалькі гадзін на працягу ад аднаго да трох дзён. Затым у вёсках і лагерах з'яўляюцца ваенныя на грузавіках і конях, якія нападаюць на мірных жыхароў», - кажуць эксперты ААН.
Канфлікт у Дарфуры разгарэўся ў 2003 годзе, калі паўстанцы неарабскага паходжання выступілі супраць цэнтральнага ўрада. У выніку ваенных дзеянняў, паводле ацэнак міжнародных назіральнікаў, загінулі больш за 300 тысяч чалавек.
ААН увяла санкцыі на пастаўкі зброі ў правінцыю Дарфур у 2004 годзе. Праз год яны былі пашыраныя на ўвесь Судан. Кіраўнік гэтай афрыканскай краіны Амар аль-Башыр быў абвінавачаны ў генацыдзе і ваенных злачынствах Міжнародным крымінальным судом.
Эксперты ААН заяўляюць, што Судан парушыў рэзалюцыю Савета бяспекі №1591 і патрабуюць зрабіць яе больш жорсткай.
Нагадаем, паведамленні пра пастаўкі зброі з Беларусі ў правінцыю Дарфур з'яўляліся і раней. У мінулым годзе пра гэта заяўляла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.