BE RU EN

Андрэй Суздальцаў: Беларусь напаткае лёс Паўночнай Карэі

  • 4.03.2013, 19:22

У выпадку канчатковага пацверджання інфармацыі аб пастаўках зброі ў Судан, супраць Беларусі будуць уведзеныя санкцыі ААН.

Пра гэта charter97.org заявіў расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, камэнтуючы паведамленне аб пастаўках зброі з Беларусі ў суданскую правінцыю Дарфур.

«Гэта не першы выпадак з'яўлення інфармацыі аб пастаўках вайсковай тэхнікі ў Судан ды іншыя «гарачыя» пункты. Некалькі гадоў таму быў прэцэдэнт, калі разбіўся беларускі самалёт, пастаўлены ў парушэнне забарон ААН. Вельмі часта гэта спрабуюць звязаць з пастаўкамі ўзбраення з Расеі. Гэта значыць, што беларускія ўлады такім чынам затуляюць Крэмль», - адзначыў палітолаг.

Ён падкрэсліў, што ў гэтым выпадку самалёты СУ-25 і ракеты С-8 маглі пастаўляцца ў Судан менавіта з Беларусі.

«Рэч у тым, што патрэба Лукашэнкі ў валюце каласальная, і ён шукае грошы хоць дзе. Таму, калі ёсць магчымасць зарабіць на продажу вайсковай тэхнікі не самага новага ўзору, то беларускі правадыр не выпусціць такі шанц», - дадаў спецыяліст.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што калі экспэрты ААН даюць такую інфармацыю, то за гэтым павінны быць канкрэтныя дзеянні.

«Я мяркую, што трэба дачакацца пастановы Рады Бяспекі ААН. Калі факт паставак беларускай зброі ў Судан спраўдзяць канчаткова, то супраць Рэспублікі Беларусь будуць выстаўленыя санкцыі. Гэта будзе моцны ўдар па вобразе беларускай дзяржавы, і яе напаткае лёс краін-выгнанцаў, як гэта здарылася з Паўночнай Карэяй ды Іранам», - сказаў на заканчэнне Андрэй Суздальцаў.

Нагадаем, у дакладзе экспэртаў ААН паведамляецца, што ўрад Судана вядзе баявыя дзеянні ў бунтоўнай правінцыі Дарфур з выкарыстаннем ракет класа «паветра-зямля» С-8 і штурмавых самалётаў Су-25, закупленых у Беларусі.

Апошнія навіны