Мясніковіча пазбавяць часткі паўнамоцтваў
- 5.03.2013, 14:13
Беларускі ўрад упэўнена прэтэндуе на тое, каб атрымаць статус самага несамастойнага ў свеце.
З 11 сакавіка ўступаюць у сілу змены ў Рэгламент Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якімі ўрад пазбаўляецца самастойнасці ў самых важных пытаннях - грашовых, піша «Народная воля».
З гэтага часу ўсе праекты пастаноў урада, якія датычацца пытанняў крэдытавання, аказання дзяржпадтрымкі, выдачы гарантый або кампенсацыі часткі адсоткаў за карыстанне крэдытам, папярэдне павінны быць узгодненыя з Нацыянальным банкам. Без візы Нацбанка дакумент нават не можа выносіцца на разгляд.
Доступ да размеркавання сродкаў, як вядома, з'яўляецца вызначальным фактарам у вызначэнні рэйтынгу ўплывовасці чыноўнікаў. Такім чынам, кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова ў рэйтынгу ўплывовасці паднімаецца ўверх, а прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч апускаецца ўніз.
Прычым, моцна апускаецца. Бо нават такую дробязь, як пытанні накіравання ў замежныя камандзіроўкі, ён цяпер не зможа вырашыць самастойна. Згодна з новым рэгламентам, праекты пастановы пра замежкамандыроўкі, таксама павінны мець дадатковыя візы. У прыватнасці, быць узгодненыя з Міністэрствам юстыцыі.
Калі ўзгадаць, што самастойна, без ўзгаднення, кіраўнік урада можа зусім трохі - ўзнагародзіць Ганаровай граматай, прыняць рашэнне аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі і таму падобныя дробязі - то дэкаратыўнасць гэтай пасады становіцца відавочнай.