БДІПЧ АБСЕ маніторыць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі
- 5.03.2013, 20:48
Дэлегацыя Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ 5 сакавіка наведала менскі офіс ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Эксперты - старэйшы саветнік па выбарах БДІПЧ Таццяна Багушэвіч і дарадца па выбарах Лусінэ Бадалян - сустрэліся з намеснікам старшыні арганізацыі Андрэем Бастунцом, кіраўніком юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйлам і праваабаронцам Уладзімірам Лабковічам. Як паведаміла прэс-служба БАЖ, сустрэча праходзіла ў рэжыме «не для прэсы», аднак пасля яе заканчэння Таццяна Багушэвіч пагадзілася адказаць на некаторыя пытанні журналістаў.
«Гэта візіт, у рамках якога мы хацелі б абмеркаваць з беларускім бокам тую справаздачу, якую апублікавалі пасля парламенцкіх выбараў. А таксама паглядзець, ці ёсць якія-небудзь перспектывы ўзаемадзеяння - ініцыятывы змены заканадаўства або практыкі, - і абмеркаваць іх з дзяржаўнымі органамі», - сказала Багушэвіч.
«Пытанні, якія тычацца працы СМІ ў цэлым, - гэта адзін з найбольш важных аспектаў выбарчага працэсу пры ацэнцы сітуацыі. Таму мы спадзяемся, што ў нас будзе магчымасць абмеркаваць у ходзе сустрэч у Менску ўсе нашыя рэкамендацыі адносна працы СМІ і заканадаўства, якое рэгулюе працу СМІ, а таксама практыку асвятлення выбарчага працэсу», - дапоўніла яна.
Па словах Андрэя Бастунца, экспертаў цікавіў вопыт адносін БАЖ з органамі заканадаўчай ініцыятывы. У прыватнасці, ён распавёў БДІПЧ пра няўдалую спробу БАЖ ініцыяваць слуханні ў беларускім «парламенце» на тэму ўнясення змяненняў у заканадаўства аб СМІ. Госці цікавіліся, якія канкрэтна прапановы былі ў пакеце БАЖ «палатачнікам», пра што юрыст ім таксама падрабязна паведаміў.