Аўтараў «Гродназнаўства» далей выжываюць з універсітэта
- 5.03.2013, 22:07
Гісторык Андрэй Чарнякевіч не здолеў уладкавацца ў Гародні і з'ехаў у пошуках працы за мяжу.
Нагадаем, што ўчора стала вядома: гісторыка звольнілі на асабісты наказ старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры.
Яшчэ аднаму з аўтараў кнігі «Гродназнаўства», Вячаславу Шведу, не падаўжаюць кантракт, паведамляе «Радыё Свабода».
Швед працуе на пасадзе загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. 26 сакавіка ў яго сканчаецца кантракт. Шведу афіцыйна паведамілі, што кантракт на загадчыка кафедры не прадоўжаць. Але ўкладуць новы на пасаду прафесара, калі ён пройдзе адпаведны конкурс.
Астатнія аўтары «Гродназнаўства» - Аляксандр Госцеў, Аляксандр Дабрыян, Віталь Карнялюк, Святлана Марозава - далей працуюць на сваіх месцах.
Нагадаем, што кнігу-падручнік «Гродназнаўства» напісалі вядомыя гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы. Праз некаторы час аўтараў пачалі выклікаць на размовы з супрацоўнікамі рэктарата, а таксама КДБ.