BE RU EN

На «Граніце» зменшылі водпуск і знізілі надбаўкі за шкоднасць

  • 6.03.2013, 13:16

Работнікаў мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» прымушаюць пагадзіцца з вынікамі атэстацыі працоўных месцаў, у выніку якой каэфіцыент за шкоднасць зніжаны з 3,3 да 3,2.

Работнікі абураныя і звяртаюцца ў першасную арганізацыю БНП з пытаннем, як абараніць свае інтарэсы, бо ўмовы працы на самай справе не змяніліся.

Як распавёў praca-by.info адзін з лідэраў першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) работнікаў завода «Граніт» Анатоль Ліцвінко, у выніку праведзенай у мінулым годзе атэстацыі працоўных месцаў, працадаўца знізіў каэфіцыент шкоднасці з 3,3 да 3,2, і цяпер работнікі «Граніту» могуць страціць шэраг прадугледжаных заканадаўствам льгот. У прыватнасці, у работнікаў забяруць дадатковы тыдзень да водпуску і паменшаць пагадзінную даплату за шкодныя ўмовы працы. Цяпер работнікаў у добраахвотна-прымусовым парадку прымушаюць даваць пісьмовую згоду на новыя ўмовы.

Па словах Анатоля Ліцвінко, людзі абураюцца, пяцёра маладых рабочых выказалі жаданне ўступіць у незалежны прафсаюз, таму што яны разумеюць, што рэальна адстаяць свае правы толькі знаходзячыся ў незалежным прафсаюзе.

- Людзі ўбачылі, што альтэрнатывы няма. Падкантрольны кіраўніцтву прафсаюз робіць тое, што яму кажа працадаўца, - кажа Анатоль Ліцвінко. - Наш цэхавы прадстаўнік адзін з першых паставіў подпіс за новыя ўмовы. Начальнік абтэлефаноўвае ўсіх майстроў, каб адпраўлялі людзей падпісвацца. Людзі пытаюцца, як можна пазмагацца? Я расказваю, што падобная сітуацыя была і на іншых прадпрыемствах - на «Гродна-Азоце», Мазырскім НПЗ, на «Нафтане». Там, дзе дзейнічаюць незалежныя прафсаюзы, работнікі з'ядналіся і змаглі адстаяць тыя ўмовы, якія былі прадугледжаныя папярэдняй атэстацыяй.

Як растлумачыў прафсаюзны лідэр, работнікі абураныя сітуацыяй, паколькі на самай справе ніякіх мер для паляпшэння ўмоў працы прадпрынята не было. Таму працадаўца не мае права пазбаўляць работнікаў існуючых льгот за шкоднасць.

Старшыня пяршоўкі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Таццяна Гарбенка пацвердзіла, што пазбаўленне льгот за шкоднасць неабгрунтаванае. Разам з тым яна не стала каментаваць сітуацыю, патлумачыўшы, што яе прафсаюз у дадзены момант абмяркоўвае сваю пазіцыю і далейшыя крокі па гэтым пытанні:

- Толькі на днях азнаёміліся з вынікамі атэстацыі. Пакуль ніякіх каментароў даць не магу, таму што разбіраемся. Нашы работнікі губляюць у сярэднім па тыдні адпачынку.

- І ў зарплаце ж таксама страцяць?

- Так. Але большая незадаволенасць тым, што губляюць тыдзень адпачынку.

- Ці прымаліся нейкія меры для паляпшэння шкодных умоў працы на вытворчасці?

- Шкодных умоў менш не стала.

- Што распачне ў сувязі з гэтым ваш прафсаюз?

- Абмяркоўваем, і вельмі бурна. Сёння звязваліся з абкамам прафсаюза, высвятлялі, якія можам прыняць меры. Увогуле, спрабуем.

- Людзей прымушаюць згаджацца з вынікамі атэстацыі?

- Людзей пакуль азнаёмілі, - сказала Таццяна Гарбенка.

Разам з тым, работнікі пастаўленыя ў такія ўмовы, што проста адмовіцца падпісаць прапанаваны адміністрацыяй дакумент яны не могуць. У выпадку нязгоды працаваць у новых умовах працы, згодна з працоўным заканадаўствам, адміністрацыя мае права звольніць работніка. Таму адзіны выхад абараніць свае інтарэсы - аб'яднацца ў прафсаюз і разам запатрабаваць ад працадаўцы справядлівых умоў працы.

- Усё залежыць ад волі людзей, - упэўнены Анатоль Ліцвінко. - У нас ужо ёсць вопыт. Нас таксама неаднаразова запалохвалі звальненнямі, непадаўжэнне кантракта. Аднак сёння сітуацыя складваецца на карысць работнікаў, паколькі ў рэгіёне адзначаецца дэфіцыт кадраў. Шмат хто з'язджае працаваць у Расею. І да гэтага часу гэтая тэндэнцыя захоўваецца, хоць кіраўніцтву ў апошні час удалося некалькі яе аслабіць, дзякуючы павышэнню заробкаў кіроўцаў «БелАЗаў» і экскаватаршчыкаў. Але ў работнікаў асноўнай драбільна-сартавальнай вытворчасці зарплата так не вырасла. Вынікі атэстацыі ў асноўным ўдараць па работніках драбільна-сартавальнага завода.

Лідэры пяршоўкі БНП работнікаў «Граніту» правядуць кансультацыі з кіраўніцтвам свайго прафсаюза і БКДП, каб выпрацаваць план далейшых дзеянняў.

- Мы спадзяемся, што гэты вясновы «падарунак» адміністрацыі пераканае людзей у тым, што абараніць свае інтарэсы можна толькі аб'яднаўшыся ў незалежны прафсаюз, - падсумаваў прафсаюзны лідэр.

Апошнія навіны