Леанід Злотнікаў: Продаж «Крыніцы» і «Белгіпса» - вымушаны захад
- 7.03.2013, 18:23
Востры недахоп валюты прымусіў Лукашэнку выставіць гэтыя прадпрыемствы на продаж.
Так беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў пракаментаваў сайту charter97.org згоду беларускага правадыра на прыватызацыю прадпрыемстваў «Белгіпс» і «Крыніца».
«На мой погляд, нічога дрэннага ў гэтай прыватызацыі няма. Я б сказаў, што гэта нават добра. Бо прадпрыемствы купляюць не для таго, каб іх закрыць. Гаворка ідзе аб захаванні працоўных месцаў і аб падвышэнні заробкаў без рызыкі дэвальвацыі ды інфляцыі. Продаж гэтых прадпрыемстваў - вымушаны захад. Вострая нястача валюты і рублёў прымусіла Лукашэнку зрабіць гэты крок. Можна, вядома, надрукаваць рублі, але інфляцыя ўсё верне назад», - адзначыў эканаміст.
Вучоны таксама падкрэсліў, што пастанову аб набыцці «Крыніцы» і «Белгіпса» будзе прымаць не Пуцін, а расейскія бізнэсоўцы, якім выгадна ўкладваць грошы ў беларускія прадпрыемствы.
«Што тычыцца больш буйных і эфектыўных прадпрыемстваў, напрыклад, «Беларуськалія», то дзяржава збіраецца прадаць мінарытарныя пакеты акцый. Гэта значыць, што хто-небудзь можа купіць акцыі, але не кіраваць уласнасцю і ўплываць на размеркаванне прыбыткаў. Блакавальны пакет, які складае 25% +1 акцыя, прададзены не будзе. У гэтай сітуацыі дзяржава не губляе кантроль і атрымлівае грошы», - сказаў на заканчэнне Леанід Злотнікаў.
Нагадаем, сёння старшыня Дзяржаўнага камітэта маёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў паведаміў аб згодзе Лукашэнкі на падрыхтоўку праектаў дакументаў аб прыватызацыі прадпрыемстваў «Крыніца» і «Белгіпс».