Макей шантажуе ЕЗ «спісамі неўязных»
- 1.04.2013, 12:27
Кіраўнік МЗС заяўляе, што Беларусь і Еўразвяз не змогуць нармалізаваць свае адносіны без скасавання «чорных спісаў».
Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю РІА «Новости».
Еўразвяз, які заяўляе пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у мінулым годзе пашырыў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, уведзеныя яшчэ ў снежні 2010 года пасля разгону мітынгу апазіцыі, якая пратэставала супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Макей знаходзіцца ў спісе з больш чым 200 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўразвяза. Дадзены спіс апублікаваны афіцыйным выданнем ЕЗ «Euobserver».
«Гэтыя спісы ў маім разуменні - абсалютная сумесь абсурду і выдумак. Зразумела, што без ліквідацыі гэтай праблемы з парадку дня нашых адносін з Еўрапейскім звязам, напэўна, руху наперад не будзе», - сказаў Макей.
На яго думку, адносіны Беларусі і ЕЗ у цяперашні час знаходзяцца на такім узроўні, што «далейшыя санкцыі істотна не змогуць паўплываць на іх якасць».
«Я не ведаю, ці дасягнулі мы дна ў нашых адносінах з Еўрапейскім звязам, але я сваім еўрапейскім партнёрам або апанентам казаў, што мы цяпер сапраўды дасягнулі таго ўзроўню адносін, калі далейшыя нейкія больш жорсткія крокі з боку Еўразвяза не прывядуць да істотнага змянення статус кво ў нашых адносінах», - нагадаў Макей.
Пры гэтым ён асабліва крытыкуе ЕЗ за ўключэнне ў «чорныя спісы» беларускіх журналістаў, суддзяў, членаў выбарчых камісій.
«Добра б, туды ўключылі чыноўнікаў, якія былі пры выкананні сваіх функцыянальных абавязкаў і,... на думку Еўразвяза, могуць адказваць за тыя ці іншыя крокі, якія былі зробленыя ўладамі. Але пры чым тут журналісты, якія выконвалі сваю місію і рабілі так, як загадвае ім іх сумленне? Сапраўды гэтак жа выглядае сітуацыя адносна ўключэння ў гэтыя спісы прадстаўнікоў выбарчых камісій усіх узроўняў, суддзяў. Судовая і выбарчая сістэмы ў Беларусі незалежныя», - дадаў Макей.
Ён таксама заявіў, што не бачыць вялікай праблемы ў адсутнасці ў Беларусі паліўнага балансу з Расеяй на 2013 год.
«Я б не бачыў у гэтым нейкай сур'ёзнай праблемы. Сапраўды, балансы попыту і прапановы па розных відах прадукцыі фармуюцца штогод у рамках Саюзнай дзяржавы. Я быў бы няшчыры, калі б сказаў, што ўсё там адбываецца без сучка і задзірынкі. Бываюць часам і спрэчкі, але гэтыя спрэчкі носяць эпізадычны і малазначны характар », - сказаў Макей.
Ён упэўнены, што гэта пытанне можна вырашыць у працоўным парадку.
«Пра тое, што мы можам вырашаць гэтыя пытанні ў спакойнай канструктыўнай манеры, кажа той факт, што мы, напрыклад, на гэты год ўзгаднілі балансы па мяса-малочнай прадукцыі, цукру, газу, па пастаўках электраэнергіі, па вуглю і па іншых відах прадукцыі. Зараз вядуцца перамовы аб узгадненні паліўнага балансу на 2013 год», - паведаміў кіраўнік беларускага МЗС.
Пры гэтым ён заявіў, што не хоча ўвязваць паліўны баланс з палітыкай. «І я б не хацеў бачыць за гэтым нейкі палітычны падтэкст, як пра гэта спрабуюць сцвярджаць некаторыя апазіцыйныя СМІ ў Расеі і Беларусі. Хутчэй за ўсё, ідзе звычайны нармальны працоўны працэс», - сказаў Макей.
Гаворачы пра сітуацыю ў Венесуэле, Уладзімір Макей заявіў, што Менск спадзяецца, што прэзідэнтам Венесуэлы стане пераемнік Чавеса.
«Мы шчыра спадзяемся, што паслядоўнікі Чавеса, якія зараз працягваюць яго справу, перамогуць на маючых адбыцца выбарах. Мы шчыра жадаем ім поспеху», - сказаў міністр замежных спраў Беларусі.