Казахская апазіцыя: Не хочам быць разам з дыктатарам Лукашэнкам
- 1.04.2013, 21:38
Казахскія апазіцыянеры мяркуюць, што Мытны саюз больш падобны да спробы рэстаўрацыі СССР, чым да выгаднага эканамічнага праекту.
Для правядзення рэферэндуму аб выхадзе сваёй краіны з МС яго арганізатарам трэба сабраць не менш за 200 тысяч подпісаў. І хоць некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што ўжо на гэтым этапе ініцыятыва суцішыцца, бо апазіцыя не здолее сабраць такую колькасць подпісаў, самі ініцыятары рэферэндуму асцерагаюцца зусім іншага, перадае ВВС.
«Мы заклікаем улады Казахстана не перашкаджаць грамадзянам рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на правядзенне рэферэндуму», - заявіла ў часе пасяджэння апазіцыі прадстаўніца Сацыял-дэмакратычнай партыі Маржан Аспандыярава.
Згодна з дзейным заканадаўствам краіны, дакумэнты, прынятыя на сходзе, перадаюцца ў Цэнтрвыбаркам. Там дакументы правяраюць і ў выніку праверкі выдаюць ініцыятарам рэферэндуму падпісныя лісты.
У выпадку выхаду Казахстана з Мытнага саюза ў арганізацыі застануцца толькі Расея і Беларусь, а далучэнне Кыргызстана і Таджыкістана ўскладніцца праз адсутнасць агульных межаў.
Назад у СССР?
Апазіцыйныя партыі Казахстана неаднаразова выступалі супраць далучэння да Мытнага саюзу, сцвярджаючы, што гэта сяброўства абмяжоўвае суверэнітэт краіны. Яшчэ ў студзені мінулага года адзін з апазіцыйных лідэраў Балат Абілаў патрабаваў правядзення рэферэндуму ў пытанні сяброўства Казахстана ў Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы.
«Мы не хочам быць разам з дыктатарамі Лукашэнкам і Пуціным. Мы не хочам назад у СССР», - заявіў Абілаў. Крытыкі інтэграцыі мяркуюць, што Мытны саюз нясе эканамічную і палітычную пагрозу незалежнасці Казахстана.
Дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан у снежні мінулага года заявіла, што такія праекты, як Мытны саюз і Еўразійскі саюз, з’яўляюцца прыкладамі працэсу «саветызацыі».
«Нельга дапусціць памылку. Мы ведаем, што з'яўляецца мэтай, і мы спрабуем знайсці дзейсны спосаб запаволіць ці прадухіліць гэты працэс», - заявіла тады спн.Клінтан.
Лукашэнка ў адказ на гэта заявіў, што ягоная краіна падтрымлівае прапановы Расеі для развіцця інтэграцыі на постсавецкай прасторы, але не гатовая ісці на радыкальныя крокі ў гэтым плане.
«У тым, што Расея нарэшце цывілізаваным чынам хоча сабраць гэтыя дзяржавы, нічога дрэннага няма. Можа быць, Расеі хацелася б хутчэйшых крокаў, можа быць, радыкальных крокаў. Але ні Казахстан, ні Беларусь не пойдуць на гэта проста з моста», - заявіў беларускі прэзідэнт.
У пачатку 2013 года падчас сустрэчы з замежнымі пасламі прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў пераконваў дыпламатаў, што інтэграцыя ў рамках Мытнага саюза не накіраваная на рэінкарнацыю СССР.
У Казахстане ніхто з прадстаўнікоў афіцыйнай улады яшчэ ні разу не выступіў з крытыкай Мытнага саюза, хоць у асяроддзі апазіцыі уважаюць, што і там ужо ёсць незадаволеныя гэтай арганізацыяй.
Каму выгадны Мытны саюз?
Супраціўнікі сяброўства Казахстана ў Мытным саюзе падаюць і больш практычныя аргумэнты, чым незалежнасць і суверэнітэт. Яны адзначаюць істотны рост кошту аўтамабіляў, паліва і прадуктаў харчавання ў Казахстане пасля далучэння краіны да Мытнага саюзу.
Унутры Мытнага саюза найбольшую выгаду атрымліваюць Расея і Беларусь, - мяркуе віцэ-прэзідэнт незалежнай асацыяцыі прадпрымальнікаў Казахстана Цімур Назханаў. Да таго ж прадукцыя, якую гэтыя краіны прадаюць Казахстану, нярэдка вырабленая з казахскай сыравіны. Паводле ягоных звестак, сёння расейскія кампаніі скупляюць у Казахстане практычна ўсю малочную і рыбную сыравіну, бо тут танней, чымся ў Расеі.
«Гэта спадчына СССР. У агульнай народнай гаспадарцы краіны Цэнтральнай Азіі ды іншыя ўскраіны былі сыравіннымі пастаўнікамі Расеі, Украіны і Беларусі, якія былі асноўнымі вытворцамі розных тавараў», - кажа Назханаў.
Стварэнне Мытнага саюза было больш палітычнай пастановай, а не эканамічнай, мяркуе віцэ-прэзідэнт незалежнай асацыяцыі прадпрымальнікаў. Гэты саюз выгадны для той часткі прамысловага капіталу, якая займаецца сыравінай: нафтай, газам, металам, збожжам. Для гэтага вузкага кола і была прынятая пастанова ў большай ступені, уважае Назханаў. Малы і сярэдні бізнэс ніякіх дывідэндаў з гэтага не атрымлівае, а буйным кампаніям, якія праз Расею атрымліваюць выхад да Еўропы, саюз, вядома, выгадны.