Бандарэнка: Пакуль адны былі ў турмах, іншыя прасілі грошай для Лукашэнкі
- 10.04.2013, 12:26
Што больш дзейсна ў адносінах Еўразвяза з Беларуссю - пернік або пуга?
Пра гэта размова ў «Гарачым каментары» на «Белсаце» з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.
Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч і Уладзімір Някляеў заклікалі: «Больш Еўропы для Беларусі». Гэта павінна выклікаць пазітыўныя змены, якія павінны закрануць перш за ўсё звычайных беларусаў: спрашчэнне візавага рэжыму, увядзенне малога прымежнага руху, льготы для малых і сярэдніх беларускіх фірмаў у ЕЗ і пашырэнне адукацыйных праграм. Аднак ці з'яўляецца гэта прамым прызнаннем рэжыму? Так, Еўропа дае карты ў рукі дыктатару, лічыць лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Па словах былога кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня, такія меры толькі пагоршаць становішча тых, хто застаецца ў турмах. Але выходзіць, што ў Бруселі вырашылі распачаць чарговую спробу дыялогу з афіцыйным Менскам.
Зміцер Бандарэнка падкрэсліў, што палітычная сцэна ў Беларусі практычна заўсёды была падзеленая, так як адны з беларускіх апазіцыйных палітыкаў змагаліся і сядзелі ў турмах, а іншыя ў гэты час ездзілі ў Еўропу і прасілі грошай для Лукашэнкі, называючы яго гарантам беларускай незалежнасці.
Мілінкевіч, Янукевіч і Някляеў, па словах палітыка, маскіруюць сапраўдную мэту сваёй заявы, якая на самай справе - просьба да краін Захаду прызнаць дыктатуру Лукашэнкі.
Стаўленне да краін Азіі ў сусветнай палітыцы - зусім іншае, чым да еўрапейскіх краін, адзначыў Бандарэнка. Пэўнае кола людзей на Захадзе хоча гандляваць з Лукашэнкам і не рэагаваць на парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне, як Захад не заўважае палітвязняў, забойствы і гвалт у Кітаі, Чачні і Сірыі. У Беларусі ж, падкрэсліў госць «Белсату», няма такіх ахвяр, аднак барацьба вядзецца за кожнага палітвязня: «Лукашэнка ведае: калі ён пяройдзе пэўную мяжу, то будуць санкцыі і жорсткая рэакцыя Захаду. У гэтым сэнсе вялікая заслуга беларускай апазіцыі - што мы дамагліся павагі да жыцця беларускага чалавека. Гэтыя пазіцыі не проста былі дасягнутыя, за іх трэба змагацца і не аддаваць проста так».
Зміцер Бандарэнка мяркуе, што вызваленне беларускіх палітвязняў адбудзецца да восені, аднак для гэтага патрэбныя ўзважаныя крокі з боку Захаду.
Падрабязнасці - у відэаматэрыяле.