BE RU EN

Рымашэўскі: Няма падстаў адмяняць санкцыі супраць рэжыму

  • 10.04.2013, 13:16

Пазіцыя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі адносна магчымасці пачатку дыялогу паміж уладамі Беларусі і Еўрапейскім Звязам застаецца нязменнай.

Яна была агучаная 9 красавіка на канферэнцыі ў Бруселі сустаршынёй БХД Георгіем Дзмітруком, паведамляе прэс-служба БХД.

«Пазіцыя БХД нязменная: нельга адмяняць чорныя спісы і пачынаць «дыялог» паміж Менскам і Брусэлем да поўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў. Гэта ўмова была вылучаная Еўрапейскім Звязам і падтрыманая ўсімі дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Адмаўляцца ад яе цяпер няма ніякіх падстаў», - адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, каментуючы заявы некаторых беларускіх палітыкаў аб неабходнасці адмены санкцый супраць рэжыму.

Ён падкрэсліў, што нельга маніпуляваць пытаннем палітвязняў, а перш за ўсё трэба даць слова тым з іх, хто можа выказаць сваю пазіцыю па гэтым пытанні самастойна і без пасярэднікаў.

«Вялікая памылка арганізатараў канферэнцыі, што на яе не запрасілі сваякоў палітвязняў і не агучылі пазіцыю тых, хто зараз знаходзіцца ў зняволенні», - лічыць Віталь Рымашэўскі.

Нагадаем, учора ў Брусэлі адбылася канферэнцыя пад назвай «Дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам». На ёй старшыня руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч выказаўся ў падтрымку дыялогу Еўразвяза з рэжымам, а таксама заклікаў ЕЗ адмовіцца ад санкцый.

Апошнія навіны