Пракаповіча прызначылі галоўным па суботніку
- 10.04.2013, 13:35
Зацверджаны склад працоўнай групы для падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага суботніка.
Нагадаем, ён у гэтым годзе пройдзе 20 красавіка. Такая дата вызначаная пастановай Савета Міністраў № 275 ад 9 красавіка бягучага года.
Згодна з пастановай, кіраўніком працоўнай групы з'яўляецца намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч, намеснікамі кіраўніка - міністр аховы здароўя Васіль Жарко і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.
У дакуменце адзначаецца, што «палова сродкаў, заробленых падчас суботніка, будзе накіраваная на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезону, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў па правядзенню ў 2013 годзе «Года беражлівасці».
Яшчэ 50% сродкаў пойдзе на набыццё спецыяльных аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі з поўнай камплектацыяй іх медыцынскай тэхнікай і іншым абсталяваннем, неабходным для правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў».
Нагадаем, 18 студзеня 2013 года Пётр Пракаповіч быў прызначаны на пасаду віцэ-прэм'ера. На дадзены момант акрамя гэтага ён займае яшчэ 18 пасад.
Раней ён займаў пасаду кіраўніка Нацбанка, але быў звольнены 18 ліпеня 2011 года «ў сувязі з выхадам у адстаўку». За час яго банкірства рубель дэвальваваўся ў 2,8 разы, а інфляцыя ў Беларусі заставалася самай высокай на кантыненце.