БАЖ: Суд за «экстрэмізм» у фота - абсурд
- 10.04.2013, 15:48
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) заклікае спыніць пераслед фатографаў.
Арганізацыя заклікае начальніка ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Івана Каржа адклікаць з суда заяву аб прызнанні экстрэмісцкім альбома «Прэс-фота Беларусі - 2011».
Адпаведны адкрыты зварот прыняты праўленнем БАЖ 10 красавіка.
«Мы лічым, што сам факт судовага разгляду пытання пра «экстрэмізм» у фотаздымках з'яўляецца абсурдным. Фотаздымкі гэтага альбома не змяшчаюць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і не прапагандуюць яе. Фотаздымкі не ствараюць, а толькі ілюструюць рэальнасць. Яны па вызначэнні не могуць «утрымліваць свядома скажоных, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, здагадак аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь», - гаворыцца ў звароце, апублікаваным на сайце БАЖ.
Аўтары дакумента падкрэсліваюць, што прэтэнзіі экспертнай камісіі да падборкі матэрыялаў фотаальбома сведчаць «пра перадузятае стаўленне саміх экспертаў, а не стваральнікаў альбома».
«У журы гэтага конкурсу ўваходзяць знакамітыя фатографы - уладальнікі прэстыжных міжнародных прэмій, кіраўнікі вядучых сусветных інфармацыйных агенцтваў. Менавіта яны выбіраюць пераможцаў, кіруючыся жаданнем вызначыць самыя прафесійныя творы», - адзначае БАЖ.
У звароце таксама падкрэсліваецца, што фотаальбом «Прэс-фота Беларусі - 2011» свабодна прадаваўся ў Беларусі, а фотаздымкі з яго публікаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях і на стужках інфармацыйных агенцтваў - як недзяржаўных, так і дзяржаўных, паколькі пераможцамі конкурсу з'яўляліся журналісты розных СМІ.
«Якім чынам сукупнасць тэматычна рознабаковых фотаздымкаў можа прывесці да высновы аб іх «экстрэмісцкай» скіраванасці? Хутчэй, суд па такой абсурднай справе, а не змест альбома, здольны «падарваць давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый», - гаворыцца ў звароце.
Нагадаем, 41 фотаальбом з фатаграфіямі леташняга конкурсу «Belarus Press Photo» забралі 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе «Каменны лог» у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч.
Пра тое, што яны прызнаныя экстрэмісцкімі, стала вядома 4 красавіка.
«Belarus Press Photo» - гэта першы адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. У гэтым годзе конкурс праводзіцца ў чацвёрты раз. Тыя самыя «экстрэмісцкія» фота пераможцаў конкурсу за 2011 год можна паглядзець тут.