EUobserver: Беларусь робіць больш жорсткім кантроль над палітвязнямі
- 11.04.2013, 9:26
Ціск на палітвязняў і кантроль над апазіцыянерамі з боку беларускіх уладаў толькі ўзмацняецца.
У той час, як кандыдат на Нобелеўскую прэмію міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі працягвае знаходзіцца ў калоніі строгага рэжыму ў Бабруйску, яго калегі спрабуюць дамагчыся свабоды для яго і больш 10 іншых палітычных зняволеных, піша брусэльскае выданне EUobserver (пераклад - charter97.org).
Валянцін Стэфановіч, які ўзначальвае праваабарончы цэнтр «Вясна», кажа, што жонцы Бяляцкага забаранілі спатканні з мужам да жніўня. Іх сын знаходзіцца ў выгнанні ў Польшчы, дзе нядаўна пачаў навучанне ва ўніверсітэце.
«Мы не бачылі Алеся са жніўня 2011 года», - сказаў Стэфановіч ў сераду.
Жонка праваабаронцы Наталля Пінчук яшчэ ў лістападзе таго ж года распавяла пра тое, што за ёй сочаць супрацоўнікі беларускага КДБ.
Яна баялася за мужа, які быў вывезены людзьмі ў чорных масках і кінуты ў выпраўленчую калонію па сфабрыкаваным абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Гэты прысуд стаў вынікам разгляду ў судзе, які, на думку міжнародных назіральнікаў, быў насмешкай над правасуддзем. Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады зняволення ў калоніі строгага рэжыму на паўднёвым усходзе краіны.
Рэпрэсіі і настроі ў краіне не змяніліся з моманту арышту праваабаронцы, кажа Стэфановіч.
«Няма ніякай свабоды», - адзначыў ён.
Стэфановіч кажа, што зняволеныя сутыкаюцца з сур'ёзнымі абмежаваннямі і ў некаторых выпадках - з адмовай у медыцынскай дапамозе.
Прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) таксама сцвярджае, што ўсе беларускія палітычныя вязні знаходзяцца пад сур'ёзным ціскам.
Каля 25 палітычных зняволеных былі памілаваныя і выйшлі з месцаў зняволення ў 2011 і пачатку 2012 гадоў.
Але гэта вызваленне з'яўляецца ўмоўным і многія з іх, як і журналістка Ірына Халіп, жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, якая атрымала прысуд з адтэрміноўкай, знаходзяцца пад пільным кантролем спецслужбаў. У дачыненні да іх дзейнічае «каменданцкая гадзіна», калі ім трэба знаходзіцца дома, а супрацоўнікі міліцыі могуць у любы час прыйсці для праверкі.
«Вызваленне ўсіх палітычных вязняў мусіць быць папярэдняй умовай для дыялогу паміж Беларуссю і ЕЗ», - кажа Стэфановіч.
Камітэт па замежных справах Еўрапейскага парламента паставіць на галасаванне стратэгію ЕЗ у дачыненні да Беларусі ў ліпені. Канчатковае галасаванне запланавана на пленарным пасяджэнні ў верасні.
Дэпутат Еўрапарламента ад Германіі Эльмар Брок, які ўзначальвае камітэт, у аўторак на слуханнях па Беларусі заявіў, што «гэта час для таго, каб пераадолець прыгнёт і дазволіць беларускаму народу мець магчымасць уплываць на свой лёс».
Пленарнае галасаванне супадае са старшынствам Літвы ў ЕЗ. Гэтая краіна не толькі падтрымлівае працу незалежнага Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні, але і мае выгадныя кантракты з Менскам па транспарціроўцы калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў.
Улады Літвы і Польшчы перадалі беларускім праваахоўным органам банкаўскія рэквізіты, якія прывялі да пазбаўлення волі Бяляцкага.
Аўшра Бернацене, якая працавала ў міністэрстве юстыцыі ў Літве ў якасці дырэктара дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва, падпісала дакументы аб перадачы гэтых дадзеных у Беларусь. Пасля гэтага яна была вымушаная сысці ў адстаўку са сваёй пасады.
ЕЗ увёў шэраг мэтавых санкцый у 2011 годзе супраць чыноўнікаў і бізнесменаў з атачэння Лукашэнкі. Ім забаранілі ўезд у краіны Еўрапейскага Звяза і замарозілі іх актывы. Гэты спіс быў пашыраны ў 2012 годзе.
Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Філіп Качмарэк кажа, што мэтанакіраваныя санкцыі не прынеслі чаканых вынікаў.
«Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць падтрымку для тых, хто жыве ў гэтай краіне і падзяляе еўрапейскія каштоўнасці, але чые погляды не супадаюць з меркаваннем рэжыму», - кажа ён.
Фотa: epa.eu