Менск адмовіў у экстрадыцыі Бакіевых
- 12.04.2013, 21:23
Генпракуратура Беларусі не задаволіла патрабаванне Кыргызстана аб выдачы Курманбека і Жаныбека Бакіевых для прывядзення ў выкананне прысуду.
Пра гэта сёння заявіла генпракурор Кыргызстана Аіда Салянава, піша «Вечаровы Бішкек».
Паводле яе слоў, нядаўна Беларусь у чарговы раз адмовіла ў экстрадыцыі Бакіева ў Кыргызстан.
«Нядаўна афіцыйны Менск зноў пакінуў патрабаванне кыргызстанскай стараны аб выдачы Бакіевых без задавальнення, тлумачачы гэта тым, што яны пераследуюцца ўладамі Кыргызстана паводле палітычных матываў», - адзначыла яна.
Нагадаем, 27 лютага Генеральная пракуратура Кыргызстана выставіла патрабаванне ў Генпракуратуру Рэспублікі Беларусь аб выдачы Курманбека і Жаныбека Бакіевых для прывядзення ў выкананне прысуду суда.
Адзначым, у адпаведнасці з патрабаваннямі Канвенцыі «Аб прававой дапамозе ў грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах» Беларусь абавязаная дапамагчы кыргызстанскай старане ў выкананні прысуду, бо Бакіевы пераследуюцца праваахоўнымі органамі Кыргызстана за ўчыненне цяжкіх крымінальных злачынстваў.