МЗС Расеі адказаў на «спіс Магніцкага»
- 13.04.2013, 12:40
Расейскае МЗС сёння апублікавала свой адказ на амерыканскі «спіс Магніцкага».
У спіс грамадзян ЗША, якім забаронены ўезд у Расейскую Федэрацыю, уключаныя 18 чалавек. Сярод іх асобы, якія маюць, на думку расейскага МЗС, дачыненне да катаванняў у Гуантанаме, а таксама людзі, якіх Масква ўважае за прычынных да арыштаў і выкраданняў расейскіх грамадзян у трэціх краінах.
Спіс апублікаваны на сайце замежнпалітычнай установы Расеі.
«Спіс Гуантанама» складаецца з 4 прозвішчаў - гэта начальнік амерыканскай базы на Кубе ў розны час Джэфры Мілер і Джэфры Харбэсан, а таксама былы юрыдычны дарадца міністэрства юстыцыі ЗША Джон Ю і былы кіраўнік апарата віцэ-прэзідэнта ЗША Дэвід Эдзінгтан.
Да прычынных да парушэнняў правоў і вольнасцяў расейскіх грамадзян за мяжой расейскі МЗС таксама залічыў 14 чалавек. Сярод іх 8 супрацоўнікаў пракуратуры паўднёвай акругі штата Нью-Ёрк, суддзя акруговага суда гэтай жа акругі, 4 агенты Агенцтва барацьбы з наркотыкамі і адзін агент ФБР.
«Спіс Магніцкага» быў апублікаваны ўладамі ЗША ў пятніцу ўвечары. Ён складаецца з 18 асобаў, прычынных да смерці юрыста Сяргея Магніцкага, якім забаронены ўезд у ЗША. Паводле звестак амерыканскіх СМІ, існуе і павялічаны варыянт спісу, які не абнародавалі, і ў які ўвайшлі высокапастаўленыя расейскія чыноўнікі.
МЗС Расеі заявіў пра намер стварыць у адказ спіс у выпадку прыняцця Вашынгтонам «спісу Магніцкага» у пачатку 2013 года.
«Закон Магніцкага» быў прыняты ў ЗША ў канцы 2012 года і выклікаў віхуру абурэння ў расейскіх улад. У адказ Дзярждума прыняла так званы «антымагніцкі закон», у якім змяшчаецца забарона на ўсынаўленне расейскіх сірот амерыканскімі грамадзянамі.
Юрыст і аўдытар фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі, які абвінавачваўся ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, памёр у маскоўскім следчым ізалятары 16 лістапада 2009 года. Прычынай ягонай смерці была названая вострая сэрцава-судзінная недастатковасць. 19 сакавіка СК РФ спыніў крымінальную справу паводле факту смерці Магніцкага праз адсутнасць падзеі злачынства.