Масавыя звальненні на «Алмі»?
- 15.04.2013, 16:36
Супрацоўнікі сеткі крам «Алмі» паведамляюць пра нізкія заробкі і звальненні.
У прыватнасці, пра гэта піша адзін з чытачоў сайта charter97.org.
«Пры працаўладкаванні абяцалі зарплату маленькую, але вялікія прэміяльныя - да 100%. Падкупілі, нічога не скажу. Працую ўжо больш за шэсць месяцаў, прэміі так і не даюць, зарплата крыху больш 2 мільёнаў. Ідуць масавыя звальненні. Прымушаюць кухароў мыць абсталяванне і посуд. Посудамыек няма - хто за такую зарплату пойдзе? Прынцып кіраўніцтва: працуй, а калі нешта не задавальняе - звальняйся», - гаворыцца ў лісце.
Сайт charter97.org звязаўся з аддзелам кадраў сеткі крам «Алмі». Там пасля доўгіх кансультацый сказалі, што не могуць паведаміць інфармацыю аб колькасці звольненых у апошні час супрацоўнікаў.
Сетка крам «Алмі» належыць расейскаму бізнесмену з беларускімі каранямі Аляксандру Зарыбку. У Менску кампаніі належыць восем крам. Яшчэ два супермаркета знаходзяцца ў працэсе будаўніцтва. Таксама крамы «Алмі» ёсць у 14 гарадах Беларусі.
Нагадаем, пра масавыя звальненні супрацоўнікаў альбо пра скарачэнне колькасці працоўных дзён на працягу апошніх месяцаў паведамлялі рабочыя МАЗа, «Гарызонта» і іншых беларускіх кампаній.