На GLOBSEC Збігнеў Бжэзінскі казаў пра Беларусь
- 19.04.2013, 3:43
Перамены ў Беларусі, у сваю чаргу, прывядуць да пераменаў у Расеі.
18-20 красавіка ў Браціславе праходзіць форум GLOBSEC - канферэнцыя па пытаннях глабальнай бяспекі. У першы дзень форуму на ім выступіў вядомы геапалітык, дарадца прэзідэнта ЗША Джымі Картэра па нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі.
У сваім выступе ён неаднаразова казаў пра тое, што ў Беларусі самы рэпрэсіўны рэжым з усіх дзяржаў-суседзяў Еўрапейскага звяза.
Бжэзінскі таксама адказаў на пытанне галоўнага рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай, якая спытала:
- У адным з апошніх інтэрв'ю вы казалі, што Еўразвязу неабходна мець стратэгію ў дачыненні да Беларусі і Украіны. Якой, на ваш погляд, павінна быць стратэгія ў дачыненні да Беларусі? Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо 19 гадоў. Цяпер палітыка ЕЗ аслабла. ЕЗ зноў гаворыць пра нейкі «дыялог» з апошнім дыктатарам Еўропы.
Збігнеў Бжэзінскі адказаў:
- Я ў прынцыпе не пярэчу супраць дыялогу, але мэта дыялогу павінна быць стратэгічнай. Гэта значыць, што стратэгія павінна быць распрацаваная такім чынам, каб было ясна, што інтарэсы беларускага народа будуць выкананыя толькі ў тым выпадку, калі краіна будзе адпавядаць еўрапейскім стандартам і стане часткай Еўропы. А гэта, у сваю чаргу, палегчыць і паскорыць аналагічныя працэсы ў Расеі. Расея ў Еўропе стане ўплывовай еўрапейскай краінай і, магчыма, патэнцыйна больш важнай і больш багатай, чым яна можа стаць, застаючыся ў той сітуацыі, калі яе былыя азіяцкія рэспублікі не прымаюць спробаў Расеі абмежаваць іх рэальную незалежнасць. У такой Расеі будучыня яе далёкаўсходніх рэгіёнаў будзе нявызначанай. Расея, калі яна не стане часткай Еўропы, будзе ўсё больш і больш уразлівая. Такім чынам Захад аказваецца ў выгадным становішчы для таго, каб патлумачыць канструктыўным і пазітыўным чынам, што ў інтарэсах беларускага, украінскага і, у канчатковым выніку, расейскага народаў, каб іх дзяржавы адпавядалі асноўным еўрапейскім стандартам, паколькі ў культурным плане яны і ёсць еўрапейскія краіны. І такім чынам яны стануць часткай значна большага аб'яднання, якое адпавядае іх інтарэсам.
Раней у сваім выступе на канферэнцыі Збігнеў Бжэзінскі адзначыў, што, калі Расея не стане часткай Захаду, то яна рызыкуе стаць сатэлітам Кітая.