Правы чалавека ці хакейная слава?
- 2.04.2013, 8:40
У Канадзе абмяркоўваюць магчымасць байкоту Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.
Апантанасць краіны гэтым відам спорту ўступіць у супярэчнасць з яе рэпутацыяй змагара правоў чалавека. Гэта адбудзецца ў траўні 2014 года, калі беларускія ўлады плануюць правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі, піша The Vancouver Sun (пераклад - Inopressa.ru).
«Беларусь, вядомая як апошняя дыктатура Еўропы, неаднаразова падвяргалася крытыцы і санкцыям з боку Канады і іншых краін за абуральныя парушэнні правоў чалавека, падтасоўку на выбарах і непавагу да дэмакратычных прынцыпаў», - нагадвае аўтар артыкула Лі Берціум.
Па гэтай прычыне прадэмакратычныя арганізацыі і заходнія палітыкі звярнуліся да свету з заклікам накіраваць сігнал памяшанаму на хакеі кіраўніку Беларусі, шляхам байкоту спаборніцтваў наступнага года.
Але гэта мерапрыемства згуляе вырашальную ролю ў лёсе канадскай зборнай: ці зможа яна прэтэндаваць на ўдзел у Алімпійскіх гульнях і ў іншых міжнародных турнірах? Ці захочуць канадцы адстойваць правы чалавека коштам сваёй хакейнай славы?
«Беларусь небеспадстаўна называюць апошняй дыктатурай Еўропы, - заявіў Дэвід Крэмер, прэзідэнт арганізацыі Freedom House, якая базуецца ў Вашынгтоне. - Нельга дапускаць, каб дзякуючы такім мерапрыемствам, як чэмпіянаты па хакеі на лёдзе, яна апыналася ў цэнтры ўвагі».
У дакладной запісцы, падрыхтаванай для міністра замежных спраў Канады Джона Бэрда, якая апынулася ў распараджэнні выдання Postmedia News, гаворыцца, што «перад тварам пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі міжнародны супраціў правядзенню чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе ў Менску набірае сілу».
У дакладной запісцы згадваецца, што 3 студзеня 2012 года прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, які заклікае Міжнародную федэрацыю хакея «прыпыніць планы правядзення чэмпіянату ў Беларусі, калі палітвязні не будуць вызваленыя».
У ёй таксама гаворыцца, што Еўрапейскі парламент ухваліў рэзалюцыю з заклікам «перанесці чэмпіянат у іншае месца, калі палітвязні не будуць адпушчаныя рэжымам».
Большая частка дакладной запіскі, уключаючы рэкамендацыі міністэрства, была замазаная.
Прадстаўніца міністэрства замежных спраў Крысціян Рой заявіла, што рашэнне аб удзеле ў чэмпіянаце будзе залежаць ад Hockey Canada.
«Палітыка абмежаванага ўзаемадзеяння з Беларуссю адносіцца да міжурадавых кантактаў, - заявіла яна. - Яна не вызначае ўзаемадзеянне з Беларуссю іншых канадскіх грамадзян і інстытутаў, такіх як Hockey Canada».
Скот Сміт з Hockey Canada сцвярджае, што арганізацыя не прымае палітыку ў разлік, вырашаючы, куды адправіць каманду. «Мы лічым, што зацікаўленыя ў тым, каб аддзяліць гэта ад палітычнага асяроддзя, - адзначыў ён. - Канадзе не падабаецца ідэя няўдзелу ў якім бы то ні было чэмпіянаце».