Аўтара забароненага «Гродназнаўства» пасля 30 гадоў працы звальняюць з ГрДУ
- 2.04.2013, 11:57
Савет Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы большасцю галасоў не зацвердзіў доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа на пасаду прафесара.
У сакавіку Шведа пазбавілі пасады кіраўніка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, перадае «Радыё Свабода».
Па словах самога Вячаслава Шведа, праз 2-3 дня павінен з'явіцца загад рэктара ўніверсітэта пра яго далейшы лёс. Хутчэй за ўсё, гэта будзе загад аб звальненні.
Вячаслаў Швед адпрацаваў у Гродзенскім універсітэце імя Я.Купалы больш за 30 гадоў. Год таму яго ўзнагародзілі медалём «За заслугі перад Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы».
Вячаслаў Швед аўтар шматлікіх кніг па гісторыі Гродна. Ён таксама адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства». Першапачаткова інфармацыя аб кнізе шырока падавалася ў мясцовых СМІ, праводзіліся прэзентацыі. Але праз некаторы час аўтараў пачалі выклікаць на размовы з супрацоўнікамі рэктарата, а таксама КДБ.
Аднаго з аўтараў - Андрэя Чарнякевіча з фармулёўкай «за парушэнне працоўнай дысцыпліны» з ГрДУ звольнілі. Пазней старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра публічна прызнаўся, што асабіста аддаў загад звольніць з Гродзенскага ўніверсітэта дацэнта Андрэя Чарнякевіча.