Мінпрыроды прапануе Літве правесці кансультацыі па АЭС
- 22.04.2013, 12:55
Беларусь у бліжэйшыя дні накіруе Літве інфармацыю па будаўніцтве АЭС і прапануе ў траўні правесці кансультацыі.
Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
«Мы накіруем афіцыйны ліст з адказамі і будзем прапаноўваць правесці кансультацыі і грамадскае абмеркаванне ў траўні», - праінфармавалі ў Мінпрыроды. Прадстаўнік міністэрства ўдакладніў, што ліст плануецца накіраваць «у бліжэйшыя дзень-два».
Нагадаем, на мінулым тыдні гэта пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы прэм'ераў дзвюх краін, а таксама на сустрэчы кіраўнікоў прыродаахоўных ведамстваў Беларусі і Літвы. Міністр навакольнага асяроддзя Літвы Валянцінас Мазуроніс тады заявіў, што Беларусь прадставіць у бліжэйшы час у пісьмовай форме адказы на пытанні, якія цікавяць літоўскі бок, затым атрыманая інфармацыя будзе прадастаўленая грамадскасці. Пасля гэтага мяркуецца правесці дыскусію на ўзроўні экспертаў.
Літва звярнулася са скаргай у Камітэт па імплементацыі Канвенцыі Эспо ў чэрвені мінулага года, паколькі мяркуе, што дзеянні Беларусі супярэчаць гэтай канвенцыі. У Вільні заяўляюць, што Менск да гэтага часу не прадставіў адказы на зададзеныя Літвой пытанні, не былі праведзеныя грамадскае абмеркаванне і двухбаковыя кансультацыі, між тым праект па будаўніцтве АЭС у Астраўцы развіваецца. На пасяджэнні камітэта ААН у сакавіку 2012 года дэлегацыя Беларусі дала вусныя адказы на пытанні яго членаў. Але ў камітэце адказы, прадстаўленыя беларускай дэлегацыяй на пасяджэнні, палічылі недастатковымі і папрасілі прадставіць іх дадаткова ў пісьмовым выглядзе.
Раней у Мінпрыроды Беларусі тлумачылі, што літоўскі бок, у прыватнасці, цікавяць пытанні, звязаныя з абгрунтаваннем выбару Астравецкай пляцоўкі для будаўніцтва беларускай АЭС, а таксама магчымае радыяцыйнае ўздзеянне на тэрыторыю Літвы і яе насельніцтва. Там спадзяюцца на працягу бліжэйшых двух месяцаў завяршыць кансультацыі з Літвой па будаўніцтве беларускай АЭС.
Беларуская АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2,4 тыс. МВт, яна будзе пабудаваная на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Першы блок беларускай АЭС плануецца ўвесці ў 2018 годзе. За аснову праекта АЭС у Астраўцы прыняты праект Санкт-Пецярбургскага інстытута «Атамэнергапраект» «АЭС-2006», па якім у цяперашні час у РФ будуюцца Ленінградская АЭС-2 і Балтыйская АЭС.