У Беларусі створаны Нацыянальны экалагічны камітэт
- 22.04.2013, 18:01
Напярэдадні «Чарнобыльскага шляху» яго арганізатары паведамілі пра стварэнне Нацыянальнага экалагічнага камітэта імя Івана Нікітчанкі.
Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі, якая прайшла сёння ў Менску, піша «Салідарнасць».
Пра тое, як будзе праходзіць «Чарнобыльскі шлях» журналістам распавёў прэс-сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.
«Як вядома, акцыя дазволеная менскімі ўладамі. Збор удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» пачнецца ў 18.30 каля кінатэатра «Кастрычнік». Адтуль, у 19.00 прысутныя пойдуць шэсцем у парк Дружбы народаў, дзе з 20 да 21 гадзіны запланаваны мітынг. Пасля заканчэння мітынгу намечана ўскладанне кветак да Чарнобыльскай капліцы. Паколькі акцыя дазволеная, то абсалютна на законных падставах можна прыносіць з сабой сцягі, расцяжкі, транспаранты.
Падчас акцыі будзе арганізаваны збор сродкаў для анкалагічна хворых дзяцей. Пазней грошы будуць перададзеныя ў адзін з дзіцячых анкацэнтраў краіны», - сказаў ён.
Як і ў мінулыя гады ў «Чарнобыльскім шляху» прымуць удзел не толькі палітыкі, але і эколагі. Вось што распавяла прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Экадом» Таццяна Новікава:
«Асноўнае прызначэнне гэтай акцыі - нагадаць пра праблемы Чарнобыля. Нягледзячы на тое, што з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло 27 гадоў, радыяцыя працягвае забіваць. Для эколагаў, людзей неабыякавых да свайго здароўя «Чарнобыльскскі шлях-2013» застаецца адзінай дазволенай уладамі акцыяй, на якой у нас сапраўды ёсць магчымасць сказаць пра праблемы Чарнобыля, пра праблемы атамнай энергетыцы. Мы павінны сказаць сваё рашучае «не» будаўніцтву Астравецкай атамнай электрастанцыі, асваенню Чарнобыльскіх зямель, радыенуклідам на вашым стале. Падкрэсліваю, гэтая акцыя адзіная легальная магчымасць сказаць пра гэтыя праблемы.
Таму падчас акцыі будзе праводзіцца збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Пазней подпісы грамадзян будуць перададзеныя кіраўніцтву Беларусі, еўрапейскіх краін і ў міжнародныя экалагічныя арганізацыі».
Палітык Віктар Івашкевіч распавёў пра тое, што напярэдадні «Чарнобыльскага шляху» ў Беларусі ствараецца пастаянна дзеючы Нацыянальны экалагічны камітэт імя Івана Нікітчанкі (Іван Нікітчанка - вядомы беларускі навуковец, які спецыялізаваўся на пытаннях наступстваў Чарнобыльскай катастрофы), які будзе займацца пытаннямі экалогіі. У яго склад увойдуць эксперты, эколагі і палітыкі.
«З кожным годам усё больш беларусаў занепакоеныя не столькі задавальненнем сваіх мінімальных фізіялагічных патрэбаў, колькі сваім здароўем і якасцю жыцця. Менавіта рашэнне экалагічных праблем паступова выходзіць на першы план. Беларусь можа стаць тут прыкладам для ўсяго свету, пабудова Экалагічнай краіны і вырашэнне экалагічных праблем павінна стаць нацыянальнай ідэяй беларусаў.
Для гэтага неабходна: адмовіцца ад будаўніцтва АЭС, вывесці з сельскагаспадарчага выкарыстання зямлі, забруджаныя радыёнуклідамі звыш 5 кюры на квадратны кіламетр, забяспечыць кожнае гандлёвае прадпрыемства і пункт грамадскага харчавання радыяцыйным кантролем з вольным доступам да яго ўсіх пакупнікоў і спажыўцоў, забяспечыць магчымасць усім без выключэння набыць спецыяльныя радыяцыйныя дазіметры ва ўласнае карыстанне. Вось толькі некалькі асноўных напрамкаў, па якіх будзе працаваць Нацыянальны экалагічны камітэт», - заявіў палітык.