Расея размесціць у Беларусі авіябазу
- 23.04.2013, 12:30
Першае звяно знішчальнікаў прыбудзе ў нашу краіну ўжо ў гэтым годзе.
Пра гэта заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Лукашэнкам.
«Мы пачынаем разгляд плана па стварэнні тут расейскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі, спадзяемся, што ў 2015 годзе тут з'явіцца авіяцыйны полк. У 2013 годзе мы створым авіяцыйную камендатуру тут і паставім першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў», - адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства Расеі.
Сяргей Шайгу таксама заявіў, што на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрства абароны Расеі і Беларусі сёння ў Менску будзе разгледжаны вялікі комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. У прыватнасці, Масква плануе паставіць Менску ў 2013 годзе яшчэ 4 дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300.
«Галоўны з іх - першае і асноўнае, што ўжо ў 2014 годзе Расея, па дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным, мы паставім чатыры дывізіёна С-300 для абароны паветранай прасторы», - сказаў міністр абароны Расеі.
Ён праінфармаваў, што ў цяперашні час расейскія і беларускія вайскоўцы вельмі актыўна рыхтуюцца да сумеснага вучэння «Захад-2013».
«Спадзяемся, што гэта дазволіць нам праверыць, наколькі мы гатовыя да сумеснага рэагавання на сучасныя выклікі і што неабходна дадатковае зрабіць для забеспячэння бяспекі нашых дзяржаў», - сказаў Сяргей Шайгу.
Адзначым, што правядзенне вучэнняў выклікала непакой сярод суседзяў Беларусі.
Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра сцэнар вучэнняў і сілы, якія ўдзельнічаюць у іх, недастаткова, аднак ёсць здагадка, што яны будуць нагадваць вучэнні «Захад-2009», якія выклікалі вялікі рэзананс. Тады ў вучэннях прынялі ўдзел больш за 12 тысяч вайскоўцаў, афіцыйна яны былі названыя абароннымі, закліканымі падтрымаць стратэгічную стабільнасць у рэгіёне. Аднак у іх сцэнары, паводле некаторых паведамленняў, быў прадугледжаны напад на тэрыторыю балтыйскіх краін і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.