BE RU EN

Эмануэліс Зінгерыс: НАТА павінна адрэагаваць на мілітарызацыю Беларусі

  • 24.04.2013, 15:34

Намеснік старшыні камісіі па еўрапейскіх справах Сейма Літвы лічыць, што мілітарызацыя Беларусі накіраваная супраць краін НАТА.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org, каментуючы заявы беларускага кіраўніка, у якіх прагучалі пагрозы на адрас Літвы, Латвіі і Польшчы.

Літоўскі парламентар лічыць, што падобнымі словамі Лукашэнка імкнецца адцягнуць насельніцтва краіны ад надзённых праблем.

«Рэжыму зараз вельмі патрэбная ўнутраная кансалідацыя. Звычайна чалавек крычыць аб небяспецы тады, калі яму трэба нешта схаваць. У дадзеным выпадку Лукашэнка кажа аб знешніх пагрозах для таго, каб адцягнуць людзей ад разрухі ў эканоміцы і адсутнасці дэмакратыі», - заявіў Эмануэліс Зінгерыс.

Разам з гэтым палітык упэўнены, што Літва, Латвія і Польшча павінны сур'ёзна ставіцца да падобных пагроз з боку Менска. З улікам планаў па стварэнні расейскай авіябазы і правядзення сумесных маштабных ваенных вучэнняў у нашай краіне яны даюць падставу для турботы суседнім дзяржавам.

«Новая авіябаза з'яўляецца чарговым крокам, накіраваным на мілітарызацыю прасторы. Гэта відавочны выклік практычна дэмілітарызаваным дзяржавам Балтыйскага рэгіёну, якія абароненыя ўсяго толькі чатырма самалётамі місіі НАТА. Калі мы супаставім вагу ўзброеных сіл, якія знаходзяцца ў Беларусі і Калінінградскай вобласці Расеі, то ўбачым, што крывая мілітарызацыі ідзе ўверх.

Арсенал НАТА сёння накіраваны не супраць былога канкурэнта часоў «халоднай вайны», не супраць якой-небудзь краіны, а мае зусім іншыя мэты. Тым не менш неўзабаве на тэрыторыі Беларусі пройдуць вайсковыя вучэнні з удзелам расейскіх салдат. Падобныя манеўры, якія праводзіліся некалькі гадоў таму, мелі відавочную накіраванасць супраць балтыйскіх краін і Польшчы. Таму нам прыйдзецца ўздымаць пытанне ў НАТА аб рэакцыі на падобную неабгрунтаваную мілітарызацыю».

Пагрозы на адрас суседзяў Беларусі прагучалі ўчора падчас сустрэчы Лукашэнкі з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу.

«Яна ні ў якім разе не накіраваная ні супраць палякаў, ні прыбалтаў, ні супраць НАТА ўвогуле, - заявіў беларускі кіраўнік аб маючых адбыцца ў гэтым годзе ваенных вучэннях «Захад-2013». - Але, вядома, яны павінны разумець, што, калі яны паспрабуюць неяк нядобра паглядзець у наш бок, мы будзем таксама рэагаваць».

Планы па стварэнні сумеснай авіябазы таксама былі агучаныя на ўчорашняй сустрэчы. Пра іх заявіў міністр абароны Расеі.

«Мы пачынаем разгляд плана па стварэнні тут расейскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі, спадзяемся, што ў 2015 годзе тут з'явіцца авіяцыйны полк. У 2013 годзе мы створым авіяцыйную камендатуру тут і паставім першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў», - адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства Расеі.

Сяргей Шайгу таксама заявіў, што на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрства абароны Расеі і Беларусі сёння ў Менску будзе разгледжаны вялікі комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. У прыватнасці, Масква плануе паставіць Менску ў 2013 годзе яшчэ 4 дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300.

Сёння стала вядома, што новая расейская авіябаза будзе размешчана ў 80 кіламетрах ад беларуска-польскай мяжы. Яе стварэнне падвергнулі крытыцы прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

Апошнія навіны