Кыргызстан будзе дамагацца ад Беларусі выдачы Бакіева і яшчэ 50 чалавек
- 24.04.2013, 17:09
Намеснік міністра МУС Кыргызстана паехаў у Менск дамагацца экстрадыцыі Бакіевых.
Пра гэта паведамляе 24.kg са спасылкай на прэс-службу Міністэрства ўнутраных спраў КР.
Мэтай камандзіроўкі прадстаўнікоў МУС і пракуратуры Кыргызстана стала наладжванне ўзаемадзеяння з праваахоўнымі органамі Беларусі па вышуку, затрыманню і экстрадыцыі злачынцаў. Гаворка ідзе пра магчымасць крымінальнага пераследу злачынцаў рознага, у тым ліку і самага высокага ўзроўню.
Намеснік міністра ўнутраных спраў Фурхат Усенаў (на фота) пацвердзіў, што ў пераліку асоб, якіх мае на ўвазе кыргызскі бок, значацца экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў, яго брат Жаныш Бакіеў, а таксама іншыя набліжаныя да іх асобы, якія, па наяўных дадзеных, знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.
У агульным пераліку, сфармаваным праваахоўнымі органамі КР, значацца каля 50 чалавек, якія могуць хавацца ў Беларусі ад кыргызстанскага правасуддзя ў рознай якасці - і крымінальных элементаў, і бежанцаў.
Нагадаем, былы правадыр Кыргызстана Курманбек Бакіеў і ягоны брат Жаныбек Бакіеў абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук праз Інтэрпол. Яны абвінавачваюцца паводле артыкулаў крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі правадыр з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі.