Складскія запасы «рассмокчуцца» па загадзе Ладуцькі
- 29.04.2013, 13:39
На складах менскіх прампрадпрыемстваў захоўваецца гатовай прадукцыі на суму больш як Br9 трлн.
Старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька даручыў паменшыць складскія запасы сталічных прадпрыемстваў.
Пра гэта ён заявіў сёння на аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме, перадае БелТА.
«Кіраўнікі адміністрацый раёнаў павінны сёння даць графікі па разгрузцы складоў, узгодненыя з міністэрствамі, - сказаў Мікалай Ладуцька. - Гэтую працу трэба было правесці яшчэ раней».
Першы намеснік старшыні камітэта эканомікі Менгарвыканкама Таццяна Краўчанка адзначыла, што ў Менску прагназуецца павелічэнне суадносін гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб'ёму прамысловай вытворчасці. Па стане на 1 траўня гэты паказчык прагназуецца на ўзроўні 124,3%, што амаль у два разы больш за паказчык на 1 студзеня 2012 года (67,1%). Павелічэнне складскіх запасаў чакаецца ў арганізацыях Маскоўскага, Партызанскага, Савецкага, Фрунзенскага, Цэнтральнага раёнаў. Усяго ў цяперашні час на складах менскіх прампрадпрыемстваў захоўваецца гатовай прадукцыі на суму больш як Br9 трлн.
«Адной з прычын нарошчвання складскіх запасаў з'яўляецца змена ўліковай палітыкі ў гэтым годзе, - патлумачыла Таццяна Краўчанка. - Падаткі сталі налічацца не па рэалізацыі прадукцыі, а па яе адгрузцы. Прадпрыемствам без гарантаванай аплаты нявыгадна адгружаць прадукцыю са складоў, а рэалізацыя некаторых відаў можа доўжыцца каля года».