BE RU EN

«Газпром» пабудуе новы газаправод праз Беларусь

  • 3.04.2013, 18:14

Уладзімір Пуцін даручыў «Газпрому» вярнуцца да распрацоўкі праекта газаправода Ямал-Еўропа-2 для падвышэння надзейнасці паставак у Польшчу, Славакію і Вугоршчыну.

«Мы ў сувязі з «Паўночнай плынню»і «Паўднёвай плынню» фактычна адмовіліся ад праекту Ямал-Еўропа-2. На «Паўднёвай плыні» мы ўжо практычна распачалі работы, і я прасіў бы вярнуцца да праекта Ямал-Еўропа-2», - заявіў прэзідэнт Расеі на сустрэчы з кіраўніком «Газпрома» Аляксеем Мілерам, паведамляе РИА «Новости».

«Мы разглядаем варыянты будаўніцтва газаправода на тэрыторыі Беларусі з разуменнем таго, што сёння транзіт праз тэрыторыю Беларусі праз трубаправод Ямал-Еўропа-1 з'яўляецца самым эканамічна эфектыўным», - сказаў, у сваю чаргу, кіраўнік кампаніі. «Газатранспартная сістэма краіны знаходзіцца ва ўласнасці «Газпрома», і для нас самым эфектыўным з пункту гледжання лагістыкі з'яўляецца менавіта гэты маршрут паставак газу еўрапейскім спажыўцам», - дадаў ён.

Пуцін таксама адзначыў, што «Газпром» цяпер прапрацоўвае пытанне з брытанскімі партнёрамі аб будаўніцтве яшчэ адной ніткі «Паўночнай плыні» мэтавым прызначэннем для Вялікабрытаніі.

Мілер нагадаў, што «Паўночная плынь» пабудаваная дакладна паводле графіку і ў кастрычніку 2012 выведзеная на праектную магутнасць у 55 мільярдаў кубаметраў. Што да «Паўднёвай плыні», будаўніцтва якой пачалося ў снежні 2012 года, то «няма ніякіх сумненняў у тым, што снежні 2015 першая нітка будзе пабудаваная, і наш газ пойдзе ў Еўразвяз», сказаў кіраўнік «Газпрома». Ён дадаў, што ўсе чатыры ніткі газаправода будуць уведзены ў снежні 2017 года, і газаправод выйдзе на праектную магутнасць у 63 мільярды кубаметраў газу.

Аднак «застаюцца пытанні надзейнасці і стабільнасці паставак для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы - Польшчы, Славакіі і Вугоршчыны», адзначыў Мілер.

Апошнія навіны